13 мая ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная) у Сапоцкінскім дэканаце адбылося благаслаўленне фігур трох фацімскіх пастушкоў – Гіяцынты, Францішка і Люцыі.
Благаслаўленне здзейсніў падчас святой Імшы пробашч парафіі кс. прэлат Вітальд Лазавіцкі. Гэтая ўрачыстасць адбылася ў 101-ю гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, дзе Марыя скіравала да ўсяго свету важнае пасланне, якое заахвочвала да ружанцовай малітвы, пакаяння і кампенсавання Пану Богу за ўсе свае грахі.
Падчас Эўхарыстыі пробашч парафіі нагадаў вернікам, што фацімскае пасланне нічога не страціла са сваёй актуальнасці, бо з яго сыходзіць для людзей усяго свету надзея.
Па словах святара, з гэтай партугальскай вёскі гучыць крык, які прагне ўзрушыць сумленні і сэрцы, а таксама нагадвае аб тым, што Бог ніколі не адварочваецца ад людзей. Ён стукае ў сэрца свету і нагадвае пра кожнага са сваіх дзяцей.
Урачыстасць завяршылася фацімскім набажэнствам і працэсіяй з фігурай Панны Марыі, у якой неслі таксама благаслаўлёныя фігуры фацімскіх дзяцей. Шматлікія вернікі, якія сабраліся ў гэты дзень у касцёле, давяралі Найсвяцейшай Маці ўсе свае радасці і смуткі.
Kс. Юрый Марціновіч
Фотa: Аліцыя Габіс