10 мая дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў рамках кананічнай візітацыі дэканату Ваўкавыск наведаў парафіяльную супольнасць Св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве. Іерарх узначаліў св. Імшу, падчас якой сабраныя вернікі маліліся ў інтэнцыі ўсіх парафіянаў і святароў, якія раней працавалі ў парафіі.
Паміж іншым узгадалі кс. Марэка Бурака, ганаровага каноніка віленскай капітулы і пробашча касцёла. Прыбыўшы ў новую парафію, святар на сродкі парафіянаў уласнымі намаганнямі пабудаваў велічны храм з чырвонай вонкавай цэглы, які дагэтуль з’яўляецца пярлінай мястэчка. Але ў часы Другой сусветнай вайны пробашча спаткаў трагічны лёс: у 1943 г. ён быў расстраляны нямецкімі фашыстамі ў лесе каля Свіслачы. Праз два гады яго астанкі перапахавалі пры мсцібаўсікм касцёле.
У гаміліі біскуп Юзаф заклікаў прысутных як мага часцей прыступаць да сакрамэнту споведзі і святой Камуніі. "Трывайце ў Хрысце і нястомна супрацоўнічайце з Божай ласкай", - дадаў іерарх.
На заканчнне св. Імшы пробашч парафіі кс. Андрэй Пышынскі падзякаваў іерарху за дар супольнай малітвы і пастырскае слова, скіраванае да вернікаў.
У гэты дзень дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі наведаў таксама парафіяльныя капліцы ў Вердамічах і Бортніках, дзе сабраныя вернікі памаліліся Літаніяй да НПМ і Вяночак да Божай Міласэрнасці.
АМ