Skip to main content

Асвячэнне касцёла адбылося ў Свіслачы: няхай гэтая святыня нагадвае пра мэту нашага жыцця

swislacz 30Асвячэнне касцёла – гэта гістарычная падзея ў жыцці кожнай парафіяльнай супольнасці. Такая падзея адбылася 6 мая ў жыцці вернікаў у Свіслачы (дэканат Вялікая Бераставіца). Урачыстае асвячэнне здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На ўрачыстасці сабраліся шматлікія парафіяне, госці і духоўныя асобы. Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто паспрыяў паўстанню гэтай святыні.

Асвячэнне касцёла – гэта не толькі знешні акт, які завяршае доўгія працы па яго будаўніцтве.

Гэта вельмі важны літургічны акт, праз які біскуп як пастыр мясцовага Касцёла ў дыяцэзіі публічна і ўрачыста прызначае ўзведзены вернікамі будынак быць святыняй Бога, каб у ёй збіралася мясцовая супольнасць хрысціян.

swislacz 17

На пачатку біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў ваду і акрапіў ёю вернікаў, якія ўтвараюць духоўную святыню, а таксама сцены касцёла і алтар. Пасля спявання Літаніі да Усіх святых іерарх прамовіў малітву асвячэння. Настала хвіліна намашчэння святым алеем сцен касцёла і алтара.

Потым біскуп акадзіў алтар, а святар – унутранае памяшканне святыні і вернікаў. Пасля на алтары былі запалены свечкі, нагадваючы, што Хрыстус – святло свету. Святлом заззяла таксама ўся святыня. Алтар быў накрыты белым абрусом, і на ім адбылася святая Імша, якая з’яўляецца найважнейшай часткай абраду.

У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што асвячэнне касцёла, які быў узведзены ўжо пэўны час таму, – гэта незвычайна ўзнёслая, радасная падзея вялікага гістарычнага значэння, і не толькі для парафіі ў Свіслачы, але і для Варшаўскай правінцыі Закону Братоў Меншых Канвентуальных, якія служаць у гэтай парафіі, і для ўсяго Касцёла на Гродзеншчыне.

swislacz 25

“Пану Богу належыць складаць ахвяры самыя дасканалыя, без найменшага скажэння, і мы з нецярплівасцю чакалі дня, калі можна будзе здзейсніць урачыстае асвячэнне, значыць аддаць Пану ва ўласнасць святыню, скончаную ва ўсёй паўнаце, ззяючую хараством, якая не мае ніякага недахопу ці недасканаласці”, – сказаў іерарх.

Па словах біскупа, кожная святыня – знак прысутнасці Бога сярод свайго народа, і яна патрэбна не Богу, а людзям. “Нам патрэбна месца, у якім мы можам асабіста сустракацца з нашым Нябесным Айцом, з бліжнімі і з самімі сабой”, - заўважыў гродзенскі ардынарый.

Далей іерарх растлумачыў значэнне святыні ў жыцці кожнага чалавека. “У святыні мы сустракаемся не толькі з Богам, але і з бліжнімі, якія з’яўляюцца нашымі братамі ў веры і з якімі мы разам утвараем цудоўную і адзіную ў сваім родзе супольнасць Касцёла”, – адзначыў біскуп.

Іерарх падкрэсліў, што, падобна як вернікі клапоцяцца аб прыгожым, годным выглядзе святыні, то яшчэ больш павінны клапаціцца аб святыні сваёй душы.

“Кожны грэх, здзейснены свядома і дабравольна, скажае гэтую нашу духоўную святыню, нішчыць у нас жыццё ласкі. І наадварот, кожнае дабро, якое мы чынім, – гэта адданне хвалы Пану Богу ў святыні нашай душы, складанне мілай Яму духоўнай ахвяры”, – дадаў біскуп.

swislacz 31

Іерарх падзякаваў айцам францішканам і вернікам за працу ўзвядзення гэтай святыні, што з’яўляецца сведчаннем іх любові да Хрыста і Яго Касцёла.

“Няхай гэтая святыня, якая прыгожа ўзносіцца да неба, нагадвае нам і тым, хто пасля нас прыйдзе, якая мэта чалавечага жыцця і дзе знаходзіцца сапраўдная айчына”, – пажадаў біскуп.

У слове на заканчэнне, спалучаным з падзякамі, пробашч парафіі а. Валерый Шэйгерэвіч OFMConv падкрэсліў, што дзень асвячэння ўпісваецца залатымі літарамі ў гісторыю парафіі. Таксама святар падзякаваў усім прысутным за дар супольнай малітвы.

Kс. Юрый Марціновіч