Skip to main content

Быць валанцёрам – аддаваць частку сябе: уражанні валанцёраў ІІІ Сустрэчы моладзі Беларусі

valancery ddm 2III Агульнабеларуская сустрэча каталіцкай моладзі, якая праходзіла ў Гродне пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля з 29 красавіка па 1 мая, ужо засталася ў гісторыі. Але ўражанні і эмоцыі маладых людзей, якія прысвяцілі свой час, каб сустрэцца разам, усё яшчэ вельмі жывыя і актуальныя.

У падрыхтоўку гэтага форуму ўключылася шмат людзей, якія бескарысліва пажадалі падзяліцца сваім часам з іншымі, усведамляючы, што больш радасці ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць. Больш за 130 валанцёраў, найперш моладзі, клапацілася аб добрым праходжанні гэтай сустрэчы і аб тым, каб усё было зроблена найлепшым чынам.

Сёння валанцёры дзеляцца сваімі ўражаннямі і кажуць, чаму варта памагаць іншым.

 

Лера Суруда

valancery ddm 5

Дні моладзі – гэта час духоўнай “пракачкі” для маладых католікаў. Для валанцёраў гэта спосаб ахвяравання. Вельмi важна ў наш час аддаваць штосьцi iншым. Я, як валанцёр, змагла аддаць крыху свайго часу ўдзельнiкам, дапамагчы iм з начлегам i памятаць пра iх у малiтве.

На мой погляд, такiя сустрэчы дапамагаюць моладзi знайсцi суразмоўцаў, блiзкiх па духу людзей, з якiмi можна плённа i духоўна правесцi час.

 

Яўген Грынюк

valancery ddm 3

Для пачатку, я думаю, трэба паставіць пытанне інакш: ці быў я ўвогуле на Днях моладзі?

Так, быў, для мяне гэта ўжо чацвёртыя дыяцэзіяльныя і першыя ўсебеларускія. Было вельмі цяжка вырвацца сюды, бо вельмі шмат справаў, працы, сям’я, але ў адзін момант усе справы адмяніліся – мне паведамілі, што ўся праца пераносіцца на іншыя дні, а для мяне гэта было як голас Бога, быццам Ён кажа мне: ты патрэбны на дадзены момант тут, на Днях моладзі.

Валанцёрам я быў у другі раз. Упершыню гэта было на ўзровень вышэй, чым усебеларускія, бо гэта былі Сусветныя дні моладзі ў Кракаве, але, калі падумаць, то больш карысці ад мяне як валанцёра было тут, на Сустрэчы моладзі Беларусі, бо тут валанцёраў было менш, ды і маштаб меншы, але адказнасці на табе больш, ты бачыш, што да цябе цягнуцца за дапамогай, што ты карысны. Канешне, служэнне – гэта не забава, але ўдалося і трапіць разам з жонкай на канцэрт Crossway, дзе было вельмі атмасферна.

Было шмат моладзі, адчувалася малітва, перадавалі навальніцы, але пастаянна свяціла сонейка, і толькі крыху на пачатку канцэрту Crossway пайшоў дождж і маланка з навальніцай былі хвілін 15.

На гэтым маё служэнне і завяршылася, бо на трэці дзень, на заканчэнне, у мяне ўжо не атрымалася прыйсці. Але класна ўсведамляць, што беларуская моладзь яшчэ толькі ў пачатку шляху, таму што з кожным годам нас усё болей і болей.

 

Вольга Раманчук

valancery ddm 6

Днi моладзi – гэта цудоўны час, атмасфера дабра i радасцi, цёплых абдымкаў, душэўных гутарак. За гэты час мы знайшлi шмат сяброў, добра адпачылi, пабывалi на канцэртах, ды i проста зблiзiлiся з Богам. Але для мяне яны сталi больш незвычайнымi таму, што мне ўдалося пабыць валанцёрам.

Для мяне быць валанцёрам – значыць аддаваць частку свайго часу ўдзелу ў праектах. На сённяшнi дзень гэта вельмi добра. Будучы валанцёрам, ты дапамагаеш людзям. Ты сапраўды робiш нешта значнае.

У наш дзiўны час валанцёрства дазваляе i нават прымушае людзей знаёмiцца і мець зносiны. Ты раскрываеш свае таленты, расцеш i становiшся чалавекам. I апошняе, не менш галоўнае: валанцёрства – добры прыклад для падрастаючага пакалення!

 

Карына Багдзевіч

valancery ddm 4

Гэта былі мае першыя Дні моладзі. На самой справе, я адчувала сябе вельмі адказнай за гэтае мерапрыемства. Я была валанцёрам у групе “Засяленне”. Я разумею, што, калі б не наша маладая каманда валанцёраў, то арганізатарам было б вельмі складана.

Калі я камусьці дапамагала, я адчувала радасць і маленькае шчасце, што зрабіла дабро. У наш час асноўная маса людзей імкнецца да негатыву, забывае пра дапамогу блізкім, любові да свайго брата і сястры, малітву і клопат. Канешне, палюбіць кожнага вельмі складана, але я заклікаю ўсіх маладых людзей, звычайных падлеткаў і дарослых, да міласэрнасці і шчырай дабрыні да кожнага чалавека.

Раней ці пазней усе людзі будуць мець патрэбу ў дапамозе, можа, і зараз ужо хтосьці патрабуе тваёй дапамогі. Не сядзі на месцы! Езус любіў дасканала, абсалютна кожнага. Не бойся і рабі дабро, Пан ацэніць.

 

Aляксандр Сергеюк

valancery ddm 1

Я быў валанцёрам на Сустрэчы моладзі Беларусі. Гэта сапраўды цудоўны час: я магу дапамагчы, укласці часцінку сябе ў гэтае мерапрыемства. Сёння людзей, якія жадаюць дапамагчы, усё менш і менш, а мы хочам паказаць адваротнае. Хачу звярнуцца да ўсіх маладых людзей: не бойся дапамагчы свайму бліжняму, не бойся падаць руку дапамогі! Дапамагаючы на Сустрэчы моладзі Беларусі, мы, выконваючы нашу місію, праслаўлялі Бога!

Хачу падзякаваць Богу за гэты час!

Быць валанцёрам – гэта таксама магчымасць несці радасць свайму бліжняму, аддаючы сябе цалкам на гэтыя дні ў рукі Езуса, і быць Яго інструментам у якасці валанцёра. Сёння, калі ўжо прайшоў амаль тыдзень, мы разумеем, што ўсё гэта было не дарэмна.

Дапамагай свайму бліжняму і чыні дабро. Пан цябе любіць!

 

Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч