У кастрычніку бягучага года адбудзецца Сінод Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Ордэн піяраў таксама далучыўся да перадсінадальнай падрыхтоўкі: адным з яе этапаў стаў Сінод Маладых Польскай правінцыі Ордэна, які адбыўся з 1 па 3 мая ў Варшаве. Сваімі ўражаннямі і спадзяваннямі пасля Сінода падзялілася моладзь з Ліды і Шчучына. У Сінодзе Маладых прыняло ўдзел каля 60 маладых людзей амаль з усіх піярскіх школ і парафій Польскай правінцыі Ордэна піяраў. У ліку дэлегатаў была і моладзь з парафій Ліды і Шчучына, у якіх служаць піяры, разам з а. Аляксандрам Махначом SP.
Вікторыя Краснік, Ліда, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі:
Яшчэ ў верасні, атрымаўшы ад пробашча а. Андрэя Агеля SP запрашэнне паехаць на Піярскі Сінод Маладых у Варшаву, я падумала, што гэта вар’яцтва, але, нягледзячы на мае сумненні, я ўсё ж згадзілася. Цяпер я выразна разумею, што гэта быў Божы Провід.
Перад намі стаяла няпростая задача: быць галасамі ўсёй піярскай моладзі з Беларусі, данесці праблемы і цяжкасці, якія турбуюць нас, з якімі прыходзіцца сутыкацца з дня ў дзень, а самае галоўнае – быць пачутымі. Дзякуючы адкрытасці кожнага ўдзельніка, цярпенню, мудрасці і разуменню з боку айцоў піяраў, біскупа Марка Салярчыка, а таксама выдатнай арганізацыі Сінода, можна смела заявіць, што ўсё атрымалася!
Я ўдзячная Богу за гэты час і кожнаму, хто быў побач!
Аляксандр Снапко, Ліда, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі:
Асабіста для мяне адным з самых важных момантаў Сінода была праца ў групах, падчас якой была магчымасць паразважаць над праблемамі і выклікамі, што існуюць у душпастырстве моладзі, а затым далучыцца да пошуку прычын гэтых праблем і шляхоў іх вырашэння. Таксама было цікава даведацца, якія акцыі і ініцыятывы з боку айцоў піяраў рэалізуюцца ў той ці іншай піярскай школе або парафіі. Можна сказаць, што Сінод быў нагодаю, каб пераасэнсаваць тое, што маем, і тое, чаго патрабуем. Прыемна было пачуць з вуснай айцоў піяраў, што дзякуючы нам, моладзі, айцы піяры могуць жыць харызмай св. Юзафа Каласанса, могуць рэалізаваць сваё пакліканне. Хочацца спадзявацца, што пасланне, скіраванае моладдзю да айцоў піяраў, не застанецца фармальным вынікам сінадальнай працы, а стане рэальнай праграмай душпастырства моладі.
Аляксандра Сербін, Шчучын, парафія Св. Тэрэзы Авільскай:
Адказнасць і дух супольнасці – тое, што дакладна перадае атмасферу дзён, якія мы правялі ў Варшаве. Сустрэчы моладзі – гэта заўсёды цудоўна, таму што яны даюць магчымасць знаходзіць сяброў, удасканальваць свае рэлігійныя веды і запавольвацца, засяроджваючы ўвагу на тым, што сапраўды важна – на нашых стасунках з Богам. Піярскі Сінод не стаў выключэннем. Дзякую Богу за піярскую супольнасць, айцам за арганізацыю Сінода, а прысутнай моладзі за адкрытасць і ўсмешкі.
Кацярына Мурамская, Ліда, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі:
Часамі старэйшае пакаленне кажа, што моладзь цяпер не адказная, не сур’ёзная, не ініцыятыўная. І вось мы як бы прынялі выклік – паўдзельнічалі ў Сінодзе, які адбыўся для нас і разам з намі. Дзякуючы гэтаму было пачуццё прыналежнасці да чагосьці большага, разуменне, што твой погляд важны і цябе сапраўды хочуць пачуць. Малітва-праслаўленне, сведчанні, размовы, праца ў невялікіх групах дапамаглі кожнаму адкрыцца: мы змаглі шчыра выказаць як крытыку, так і словы ўдзячнасці, запісаць сваё пасланне нашым айцам піярам, а яны, у сваю чаргу, напісалі ліст нам. Хочацца таксама адзначыць, што было вельмі цікава паслухаць, якія акцыі праходзяць у іншых парафіях нашай правінцыі; мяркуем, што штосьці з гэтага зможам рэалізаваць і ў нас. Спадзяемся, што ўсе намаганні не былі марнымі і мы, аб’яднаўшы сілы, зможам ажыццявіць лепшыя ідэі.
Падрыхтаваў Аляксандр Снапко