Skip to main content

Моладзь з Ліды і Шчучына прыняла ўдзел у Піярскім Правінцыяльным Сінодзе Маладых у Варшаве

pijary sinod 15З 1 па 3 мая ў Варшаве адбыўся Правінцыяльны Сінод Маладых, у якім прыняла ўдзел дэлегацыя піярскай моладзі з Беларусі (Шчучын і Ліда) на чале з а. Аляксандрам Махначом SP.

У кастрычніку бягучага года ў Рыме адбудзецца Сінод Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Гэта не толькі Сінод пра моладзь, але і Сінод з удзелам моладзі, бо, як патлумачыў сам папа Францішак, існуе моладзь, якая слухае Духа Святога і можа дапамагчы растлумачыць розныя справы. “Такім чынам Касцёл хоча пачуць голас маладых, спазнаць іх далікатнасць, веру, а таксама сумневы і крытыку”, – сказаў Пантыфік.

Піяры на працягу 400 гадоў свайго існавання спадарожнічаюць моладзі на шляху веры і распазнавання паклікання. Таму Генеральны настаяцель Ордэна Пабожных Школ (піяраў) а. Пэдро Агуадо Куэста SP заклікаў усіх звязаных з піярскім душпастырствам моладзі ў школах і парафіях ва ўсім свеце арганізаваць Сінод, які будзе часткай Сінода Біскупаў. Мясцовыя Сіноды ўжо адбыліся ва ўсіх піярскіх школах і парафіях.

Першы дзень Правінцыяльнага Сінода ў Варшаве (Секеркі) урачыста адкрыў а. Юзаф Матрас SP, правінцыял Польскай правінцыі Ордэна піяраў, які нагадаў пра ідэю Сінода. Затым адбылася праца ў групах, дзе моладзь адказвала на пытанні, падрыхтаваныя дзякуючы раней запоўненым анкетам. Першы дзень Сінода завяршыўся супольным праслаўленнем Пана Езуса падчас адарацыі разам з гуртом NaNowo. Пасля ўдзельнікі адправіліся на начлег у Сулеювэк.

pijary sinod 4

На пачатку другога дня Сінода біскуп Марэк Салярчык, адказны за душпастырства моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Польшчы, шырокай усмешкай прывітаў кожнага ўдзельніка асабіста.

Пасля супольнага сняданку з біскупам удзельнікам былі прадстаўлены графікі, якія з’яўляюцца дакладным аналізам даных з анкет.

Затым біскуп Марэк Салярчык правёў канферэнцыю на тэму “Да чаго біскуп заклікае моладзь?”. Была магчымасць задаць іерарху пытанні.

Адбылася праца ў групах, дзе моладзь і піяры шукалі адказы на пастаўленыя пытанні. Потым кожная група рыхтавала тэкст паслання піярам.

Наступным пунктам праграмы была малітва – Вяночак дванаццаці зорак, складзены св. Юзафам Каласансам.

pijary sinod 18

Цікавым досведам быў таксама “кірмаш добрых сведчанняў”. Кожная школа і парафія мелі магчымасць прадставіць сваю акцыю, супольнасць, штосьці, што стварылі там, дзе яны знаходзяцца. Пасля прысутныя выслухалі сведчанне сужэнства і айца піяра. Кульмінацыйным пунктам была супольная Эўхарыстыя. Лідары груп сфармулявалі афіцыйнае пасланне.

Трэці дзень пачаўся супольнай малітвай Ютрані. У Варшаўскіх Секерках адбылося падвядзенне вынікаў працы Правінцыяльнага Сінода Маладых. Былі падрыхтаваны:

На заканчэнне правінцыял Польскай правінцыі Ордэна піяраў а. Юзаф Матрас SP падзякаваў арганізацыйнаму камітэту Сінода, а таксама ўсім прадстаўнікам піярскіх школ і парафій за актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве.

Сінод завяршыўся ўрачыстай адпустовай Імшой, якую ўзначаліў біскуп Марэк Салярчык у санктуарыі Маці Божай Настаўніцы моладзі ў Варшаве (Секеркі).

pijary sinod 10

Пасля смачнага абеду ўдзельнікі Сінода раз’ехаліся на свае месцы служэння, вучобы і працы.

У адпаведны час вынікі працы Сінода Маладых з усіх піярскіх правінцый будуць перададзены ў Ватыкан найвышэйшай уладай Ордэна Пабожных Школ.

Больш інфармацыі, відэа і фотаздымкаў можна ўбачыць на афіцыйнай старонцы Піярскага Правінцыяльнага Сінода Маладых.

А. Аляксандр Махнач SP

Фота: www.pijarskisynod.pl і а. Аляксандр Махнач SP