Skip to main content

Першая адпустовая ўрачыстасць св. Юзафа, рамесніка, прайшла ў новай лідскай парафіі

lida adpust ramesnika 151 мая ўпершыню адбылася адпустовая ўрачыстасць у парафіі Св. Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, мучаніц, у Лідзе (раён Паўднёвы). У гэты дзень вернікі ўшанавалі св. Юзафа, які быў абраны апекуном новаўтворанай парафіі.

Парафія знаходзіцца яшчэ на стадыі арганізацыі, пакуль не мае сваёй святыні і ўчастку пад яе будаўніцтва, таму ўрачыстасць адбылася пад адкрытым небам і промнямі веснавога сонца. Таксама быў асвечаны прыдарожны крыж, таму гэтае месца будзе для маладой парафіі адгэтуль асаблівым.

Урачыстасць узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На яе прыбылі святары з Лідскага дэканату. Прысутнічалі шматлікія вернікі, якія прйшлі цэлымі сем’ямі.

Вітаючы ўсіх сабраных, пробашч кс. Віталій Сідорка адзначыў, што гэтая хвіліна дл новай парафіяльнай супольнасці з’яўляецца важным гістарычным момантам, таму што ўпершыню яна перажывае ўрачыстую адпустовую Імшу. “Тое, што мы тут сабраліся – сведчанне таго, што мы жадаем ісці да Бога, пазнаваць Яго і жыць Ягонымі запаведзямі, супрацоўнічаць з Ягонай ласкай”, – дадаў святар.

lida adpust ramesnika 8

Імшу біскуп цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх сем’яў парафіі, каб яны былі моцныя Богам, імкнуліся Яго пазнаваць, стараліся ісці да святасці. Іерарх маліўся таксама ў інтэнцыі, вельмі важнай для вернікаў – каб як найхутчэй была вырашана праблема атрымання ўчастку пад будаўніцтва святыні ў гэтым лідскім раёне.

Біскуп адзначыў, што вернікі абралі сабе вялікага апекуна – св. Юзафа, рамесніка, які з’яўляецца апекуном людзей працы. “Перад вамі шмат працы – найперш будаўніцтва жывога Касцёла, які вы самі ўтвараеце, а потым будаўніцтва бачнага касцёла, які так хочаце мець. Няхай вам у гэтым дапамагае святы Юзаф”, – пажадаў гродзенскі ардынарый.

Урачыстасць завяршылася Ларэтанскай Літаніяй, падчас якой вернікі прасілі заступніцтва Найсвяцейшай Маці.

Пробашч парафіі кс. Віталій Сідорка падзякаваў усім за прысутнасць, за дар супольнай малітвы і заклікаў маліцца аб тым, каб справа будаўніцтва новай святыні ў Лідзе ў хуткім часе зрушыла з месца, каб вернікі маглі мець свой уласны касцёл, які так патрэбны ў гэтым горадзе.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Вікторыя Русілевіч