Skip to main content

Адкрылі не толькі дзверы, але і сэрцы: падзяка вернікам парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне

padziakaУжо перад выездам на ІІІ Сустрэчу каталіцкай моладзі Беларусі ў Гродна я малілася за сем’і, якія будуць нас прымаць. Пасля шчаслівага прыбыцця і рэгістрацыі я разам з трыма дзяўчатамі атрымала накіраванне ў сям’ю Сямёнавых.

Калі ў суправаджэнні валанцёра мы набліжаліся да месца нашага пражывання, з балкона нас ужо выглядала жанчына з усмешлівым тварам. Я спантанна памахала ёй рукой у адказ на ўсмешку, яшчэ не ведаючы, што гэта менавіта наша гаспадыня – пані Яніна.

У кватэры нас прывіталі яшчэ два чалавекі: яе дачка Вольга і маленькая ўнучка Эмілька. Нас цудоўна прынялі, размясцілі і пачаставалі. Гэтыя людзі адкрылі перад намі не толькі дзверы свайго дома, але і свае сэрцы. І так было на працягу ўсіх дзён нашага прабывання ў Гродне.

Таксама мы пачулі шмат добрых словаў пра айцоў рэдэмптарыстаў і іх штодзённае служэнне ў гэтай парафіі. Развітваліся мы так, быццам былі найбліжэйшымі сваякамі, атрымаўшы запрашэнне начаваць у гэтай сям’і пры кожнай іншай нагодзе.

Я пераканана і ведаю, што не толькі мае гаспадыні былі настолькі сардэчныя да нас. Моладзь, з якой я прыехала, дзялілася падобным вопытам. Парадавала мяне і ўражанне пра моладзь, якое я пачула ад суседкі, што праводзіла дзвюх дзяўчат на аўтобусны прыпынак: “Добрыя дзяўчаткі, не мела з імі клопатаў, паводзілі сябе ветліва. Культура на высокім узроўні”.

Веру, што такое ўражанне пакінулі пра сябе ўсе маладыя людзі, якіх прымалі ў дні ІІІ Усебеларускай сустрэчы моладзі вернікі з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка). Ад імя ўсёй моладзі дзякую тым, хто прымаў яе на начлег. Няхай Бог вас узнагародзіць!

С. Наталля разам з моладдзю з Вялікай Бераставіцы