Skip to main content

Ліст біскупа Юзафа Станеўскага з нагоды заканчэння ІІІ усебеларускіх дзён моладзі ў Гродне

adm zawiarszennie 6Моладзь, адгукніся, як даехалі?

Любая і дарагая моладзь!

Наша сустрэча ў Гродне, дзе ты і я ўдзельнічалі ў III усебеларускіх днях каталіцкай моладзі, ужо стала гісторыяй. Мы пачулі яшчэ раз пра любоў Бога да чалавека, пра Яго клопат пра нашае сёння і заўтра.

Я ўпэўнены, што гэтыя дні "моладзі Хрыста" пасля сябе пакінуць не толькі віртуальныя "лайкі", але застануцца зыходным пунктам цудоўна перажытай "прыгоды з Панам", якая працягваецца ўсё жыццё.

Ці пачулі вы адказы на ўсе хвалюючыя вас пытанні? На жаль, напэўна, усё ж такі не. Гэтых пытанняў шмат, і яны не перастаюць з'яўляцца і змяняцца кожны дзень. Аднак вы "пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай", і Ёй трэба даверыцца, Яе трымацца, праз Яе ісці да Езуса.

Марыя, наша Нябесная Маці, апякуйся будучыняй нашага Касцёла і грамадства!

Пасля сустрэчы адна вашая сяброўка спыталася ў мяне: "Як мне быць, як трываць у Хрысце, калі ў класе я толькі адна веручая?"

Не буду паўтарацца і гаварыць казанне, бо словы трэба ўвасабляць у справах. Аднак дазвольце вас, любая моладзь, запрасіць да прагляду фільма "Бог не памёр". Гэта, на маю думку, вельмі добрая стужка, якая складаецца з дзвюх частак: "Бог не памёр" і "Бог не памёр-2", і я раю паглядзець абедзве.

Ад усяго сэрца прагну выказаць словы падзякі ксяндзу каноніку Антонію Грэмзу — галоўнаму арганізатару і яго камандзе, айцам рэдэмптарыстам і парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) за паданы імі ўсім нам "кубак вады і скібку хлеба".

Дзякую і заклікаю святароў, кансэкраваных асобаў, дыяканаў, семінарыстаў і катэхетаў да яшчэ большай руплівасці пра моладзь. Словы падзякі скіроўваю і да вас, дарагія бацькі, бо вы турбуецеся пра тое, каб вашыя дзеці "не толькі мелі, але і былі". Вашыя дзеці — нашыя дзеці — цудоўныя! Дзякую ўсім вам.

Сродкі масавай камунікацыі, каталіцкія СМІ, вы сапраўды пераадольваеце межы і трапляеце ў сэрца. Дзякуй!

Запрашаю да духоўнай лучнасці ў малітве падзякі 5 мая ў касцёле айцоў рэдэмптарыстаў на Дзевятоўцы. У 16.00 тут адбудзецца святая Імша падзякі Богу за Яго дабрыню, за ваш удзел, за вашу адданасць справе евангелізацыі. Да сустрэчы!

Благаслаўляю вас у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Паводле Catholic.by