1 мая ў парафіі ў Скідзелі (дэканат Гродна-Усход) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Юзафа, рамесніка, апекуна парафіі.
Парафіяльную супольнасць наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас урачыстай святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі ў гэты дзень 10 чалавек.
Вітаючы біскупа, прыбылых святароў і ўсіх прысутных, пробашч кс. канонік Цэзары Міх адзначыў, што адпустовая ўрачыстасць – заўсёды асаблівы для парафіі дзень, калі думкі і малітвы вернікаў скіраваны да іх асаблівага апекуна, які шмат гадоў клапоціцца аб парафіі.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што святы Юзаф – маўклівы святы – сёння мае шмат што сказаць сучаснаму чалавеку. Найперш ён вучыць прыкладам свайго сціплага жыцця захоўваць у кожных абставінах супакой сэрца.
“Гэты супакой, здаецца, патрэбны кожнаму чалавеку. Сёння ён патрэбны сучаснаму свету, дзе ідуць войны, адбываюцца збройныя канфлікты. Гэты супакой патрэбны нашым сем’ям, дзе вельмі часта не хапае любові, павагі, прабачэння...” – сказаў святар.
Завяршэннем адпустовай урачыстасці была эўхарыстычная працэсія вакол святыні, падчас якой вернікі дзякавалі Езусу за прысутнасць сярод іх у Эўхарыстыі.
Біскуп Кашкевіч на заканчэнне ўрачыстасці заклікаў тых, хто быў у гэты дзень умацаваны дарамі Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, па прыкладзе свайго апекуна св. Юзафа дазволіць сябе весці Богу – гэта значыць стаць людзьмі веры. Толькі тады вера чалавека стане даверам, прызнаннем таго, што Бог ведае найлепш і Яго вырашэнні самыя лепшыя, што Яго слова мае моц прывесці ў парадак чалавечае жыццё.
JM