Skip to main content

"Па прыкладу Марыі". Моладзь прэзентавала свае дыяцэзіі (+відэа)

prezentacyi 10У другі дзень сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі адбылася прэзентацыя прадстаўнікоў чатырох дыяцэзій краіны на тэму “Па прыкладу Марыі не баяцца давяраць сваё жыццё Богу”. У выступленнях кожная дыяцэзія імкнулася выказаць арыгінальнасць: прысутнічалі песні, танцы, сцэнкі і выяўленчае мастацтва.

Адкрыла чараду выступаў моладзь з Гродзенскай дыяцэзіі. Тэатр імя Яна Паўла ІІ адлюстраваў сумневы і радасці Марыі і Юзафа, калі яны прымалі Божую волю. Маладыя вернікі паказалі таксама гісторыю паклікання св. Юзафа Каласанса.

Прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выканалі спеў, падчас якога перад вачыма гледачоў узнікла некалькі выяваў, што адлюстроўвалі адметнасці дыяцэзіі. “У нас ёсць месца, якое моцна звязана з Марыяй – Будслаў. Трэба памятаць, што ён ажывае не толькі ўлетку, калі туды ідуць пілігрымы. Маці Божая Будслаўская чакае вас штодня ў кожнай патрэбе”, - адзначыў а. Яўген Голуб OFMConv, каментуючы адзін з вобразаў. Святар прэзентаваў дыяцэзію разам з гуртом "Ubi Caritas".

Пра найбольш цікавыя факты з жыцця Віцебскай дыяцэзіі распавяла моладзь з Браслава і Глыбокага. Цяпер усе ведаюць, што гэтыя вернікі маюць самага маладога біскупа, і што першы нумар дыяцэзіяльнай газеты “Каталіцкі веснік” захоўваецца таксама і ў Ватыкане.

З Пінскай дыяцэзіяй гледачоў пазнаёміў гурт "Crossway" і моладзь з розных парафій, якая паказала сцэнку, што адлюстравала неабходнасць запрасіць Марыю ў штодзённае жыццё. 

Прадставіла сваю супольнасць і моладзь з Грэка-Каталіцкай Царквы. Хлопцы і дзяўчаты распавялі пра адрозненні і падабенствы з Касцёлам рымскага абраду і выканалі кандак з Акафіста да Маці Божай Жыровіцкай.

AM