Дыялог маладых вернікаў з іерархамі краіны зладзілі ў другі дзень Агульнабеларускай сустрэчы моладзі. Хлопцы і дзяўчаты мелі магчымасць задаць біскупам хвалюючыя пытанні, на якія цягам некалькіх хвілін атрымлівалі адказы.
Над праблемай магчымасці яднання ўсіх хрысціянскіх канфесій разважаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Мітрапаліт адзначыў, што імкнуцца да еднасці – гэта наказ самога Хрыста. Аднак разам з тым дадаў: “Разнастайнасць – рыса не толькі хрысціянства, але і непасрэдна Каталіцкага Касцёла, у якім мы маем каля 20-ці абрадаў. І наша задача – не згубіць адзін аднаго сярод гэтага мноства”.
На пытанне “Як любіць Бога?” даў адказ дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх падкрэсліў, што для гэтага дастаткова паглядзець на знак, які мае пры сабе кожны з нас – крыж. “Мы ўбачым, што Бог аддаў за нас свайго Сына. І тады не застанецца сумненняў, што такі ўчынак варты самай вялікай любові”, – сказаў біскуп Аляксандр.
“Як, маючы пачуццё справядлівасці, можна палюбіць чалавека, які чыніць зло і не раскайваецца ў гэтым?”, – запыталася моладзь. “Езус палюбіў нас, калі мы былі грэшнікамі. Яму гэта многага каштавала, але ў Яго атрымалася. Таму варта проста пераймаць прыклад Хрыста і пакінуць Яму беззаконнікаў. Збаўца здольны чыніць справядлівасць і даваць па заслугах”, – адказаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
Не абышлося і без самага папулярнага пытання: “Калі ў Беларусь прыедзе Папа?”.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сцвердзіў, што ў гэтым годзе вітаць Святога Айца беларускім вернікам не давядзецца, але “будучыня можа прынесці шмат прыемных сюрпрызаў”. Іерарх таксама дадаў, што сёлета Пантыфік наведае суседнюю Літву. “Падчас візіту запланавана сустрэча Святога Айца з моладдзю. Неўзабаве будзе пададзена інфармацыя адносна арганізаванай паездкі ў суседнюю краіну. Таму сачыце за навінамі”, – падкрэсліў Мітрапаліт.
Як адзначыў у каментары для grodnensis.by дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, пытанні, якія маладыя людзі скіравалі да іерарахаў, гавораць пра тое, што яны актыўна цікавяцца жыццём Касцёла. “Цешыць, што маладаму пакаленню не ўласціва павярхоўнасць у справах веры”, – дадаў іерарх.
Разам з тым біскуп Юзаф зрабіў заўвагу, што некаторыя дылемы не ўзніклі б, калі б хлопцы і дзяўчаты больш адказна ўдзельнічалі ў катэхэзах, што праводзяцца пры парафіях. “Дыялог бісукпаў з моладдзю меў на мэце заахвоціць маладых людзей задаваць пытанні, «абудзіць іх апетыт». Спадзяюся, што гэтую практыку яны прывязуць у родныя мясціны і будуць больш дасканала разбірацца ў непакоячых іх тэмах са сваім пастырамі”, – падсумаваў іерарх.
Размова моладзі з біскупамі Беларусі трывала некалькі гадзін, але гэтага часу аказалася недастаткова, каб задаволіць цікаўнасць маладых вернікаў.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая