Skip to main content

“Наша моладзь жыве з Хрыстом”: біскуп Юзаф Станеўскі пра Агульнабеларускую сустрэчу моладзі

adm imsza 17“Езус Хрыстус сказаў: “Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх”. Таму гэтая Агульнабеларуская сустрэча моладзі – менавіта рэалізацыя Яго закліку”, – адзначыў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, старшыня Рады па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у размове з карэспандэнтам Grodnensis.by.

“Моладзь з усёй краіны сабралася разам на гэтай ІІІ Сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі, якая таксама з’яўляецца 25-мі Днямі моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, – дадаў іерарх. - Малітва аб’ядноўвае, дае сілу, калі людзі збіраюцца разам. Таму наша хрысціянская моладзь, якая ў гэтыя дні ў Гродне моліцца супольна, адчувае прысутнасць Хрыста”.

biskup staneuski 2

“Напэўна, гэта стаіць на першым месцы: каб яны адчулі, што Бог сярод іх, з імі, што Езус Хрыстус ідзе перад імі, каб іх весці, а таксама ідзе за імі, каб іх сцерагчы, – падкрэсліў біскуп.

– Што асабліва важна – Яго прысутнасць сярод іх. Не толькі ў гэты час малітвы і радасці, калі яны знаходзяцца разам. Важна і тое, каб гэтую ўпэўненасць у Яго прысутнасці данесці туды, дзе яны прабываюць кожны дзень – на вучобе, працы, у звычайным жыцці”.

biskup staneuski 1

Іерарх выказаў меркаванне, што такая сустрэча моладзі – “нібы акумулятар, які дае моц і сілу”. “Асабліва цудоўна, калі моладзь становіцца на калені перад Езусам Хрыстом у адарацыі і запрашае Яго ў сваё сэрца ў святой Камуніі, – сказаў біскуп. – Наша моладзь жыве з Хрыстом, для Хрыста. Таму наша будучыня – у руках Божых праз рукі, малітву і думкі беларускай моладзі”.

JM