Skip to main content

Мітрапаліт Кандрусевіч да моладзі: Наша “Fiat” – ключ да шчасця

adm imsza 3Святую Імшу 30 красавіка, у другі дзень Сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі, у касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У Эўхарыстыі прынялі ўдзел таксама біскупы Беларусі і шматлікія святары з усіх дыяцэзій нашай краіны, якія спадарожнічаюць маладым людзям.

Свет неабходна бараніць ад сучасных Ірадаў

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі, адчуваючы пульс сусветнага Касцёла, прысвяціў гэты пастырскі год моладзі, а яго дэвізам сталі словы: “Моладзь – надзея Касцёла і грамадства”.

Мітрапаліт заўважыў, што ў сучасным свеце самай вялікай праблемай маладога пакалення з’яўляецца крызіс веры. “Усё больш маладых людзей адмаўляецца ад веры і жыве так, як быццам Бог не існуе. А калі яшчэ верыць, то верыць у такога бога, які павінен выконваць усе іх патрабаванні. Але такі бог не можа быць сапраўдным Богам”, – сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што вера маладых людзей часта носіць павярхоўны і традыцыйны характар, чаго не дастаткова для адказу на вельмі небяспечныя выклікі сучаснасці.

adm imsza 23

Таму арцыбіскуп заклікаў моладзь да адказнасці за веру ў сваім асяроддзі. “Свет неабходна бараніць ад сучасных Ірадаў, якія імкнуцца знішчыць веру, надзею і любоў. Замест цывілізацыі жыцця і любові яны імкнуцца стварыць цывілізацыю нянавісці і смерці”, – перасцярог Мітрапаліт.

Старшыня епіскапату Беларусі звярнуў увагу, што задача кожнага хрысціяніна – “прадставіць Касцёл як прытулак супраць выклікаў нашага часу, асабліва супраць дэхрысціянізацыі, маральнага невуцтва, прыватызацыі веры і спіхвання яе на перыферыю жыцця, а таксама тэндэнцыі жыць так, як быццам Бог не існуе”. “У такіх абставінах трэба паказаць, што Бог не памёр, не пайшоў у адпачынак ці на пенсію, але жыве і дзейнічае”, – дадаў арцыбіскуп.

Cвабода – гэта не толькі дар, але і адказнасць”

Таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі адзначыў, што aсобная праблема моладзі – распазнаванне паклікання і яго прыняцце. “Свабода і пакліканне з’яўляюцца двума асноўнымі аспектамі чалавечага жыцця, якія дапаўняюць адзін аднаго. Свабодны адказ на Божую прапанову з’яўляецца сутнасцю паклікання”, – сказаў іерарх, заўважаючы, што хрысціянін павінен не толькі шанаваць Божы дар свабоды, але і ўзрастаць у свядомасці таго, што яе мае. “Таму на шляху да дасканаласці хрысціянін павінен ведаць, як карыстацца свабодай, бо свабода – гэта не толькі дар, але і адказнасць і нават выклік”, – падкрэсліў арцыбіскуп.

adm imsza 14

Па словах старшыні беларускага епіскапату, хрысціянскае пакліканне пашырае гарызонты жыцця чалавека. “Таму хрысціянін, асабліва малады чалавек, не павінен заставацца ў жыццёвай даліне і задавальняцца пасрэднасцю. Яму неабходна падняцца на духоўную гару, каб мець новую перспектыву свайго жыцця, найперш у святасці”, – адзначыў Мітрапаліт.

На заканчэнне іерарх пажадаў, каб сёлетняя сустрэч моладзі стала “гродзенскай лабараторыяй веры”, у якой маладыя людзі лепш пазнаюць Бога і сваё пакліканне.

“У гэтай лабараторыі веры Касцёл прадстаўляе нам Марыю, як прыклад да наследавання. Яна выявіла моцную веру і паслухмянасць Божай волі. Яе “Fiat” – гэта ключ да разумення таямніцы Збаўлення. “Fiat”, якога ад нас чакае Бог, з’яўляецца ключом да шчасця”, – сказаў арцыбіскуп, а таксама дадаў, што Касцёл звяртаецца да моладзі “з заклікам ажыўлення хрысціянскага жыцця праз паслухмянасць веры, пазнання свайго паклікання і жыцця ім з мэтай дасягнення святасці”.

adm imsza 10

Агульнабеларуская сустрэча каталіцкай моладзі праходзіць у Гродне з 29 красавіка па 1 мая. Яе дэвіз – “Не бойся, Марыя, бо знайшла ты ласку ў Пана” (Лк 1, 30).

У сустрэчы ўдзельнічае моладзь з усіх дыяцэзій Беларусі. З Віцебскай дыяцэзіі прысутнічае каля 115 чалавек, з Пінскай – каля 130, з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – каля 310, з Гродзенскай дыяцэзіі – больш за 1300.

Удзел у ёй прымаюць таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая