Запэўненне ў блізкасці Святога Айца Францішка з маладымі людзьмі нашай краіны перадаў удзельнікам ІІІ Агульнабеларускай сустрэчы моладзі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Іерарх таксама падзяліўся перакананнем, што наш Касцёл малады і дынамічны, a яскравым доказам гэтага з’яўляецца дадзеная сустрэча каталіцкай моладзі Беларусі.
Арцыбіскуп прыбыў 29 красавіка ў Гродна, каб урачыста даць старт гэтай прыгожай душпастырскай ініцыятывы, з якой выступілі біскупы нашай краіны.
Прысутнасць Нунцыя – каштоўны знак
Mаладыя людзі з усіх дыяцэзій Беларусі з вялікай радасцю віталі прадстаўніка Пантыфіка, які ўзначаліў у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля першую святую Імшу ў межах сустрэчы.
Вітаючы на пачатку Імшы шаноўнага госця, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што прысутнасць Нунцыя на гэтай важнай падзеі ў жыцці Касцёла ў Беларусі з’яўляецца асабліва каштоўным знакам.
“Aдчуваем духоўную блізкасць Святога Айца Францішка, які так моцна любіць моладзь, так шмат увагі і пастырскага клопату прысвячае яе фармацыі, так хоча, каб маладыя людзі былі шчаслівымі – гэта значыць, каб умелі выбіраць праўдзівыя вартасці і не баяліся ісці ў сваім жыцці за Хрыстом”, – сказаў іерарх.
Біскуп дадаў, што каталіцкая моладзь нашай краіны ўдзячная Святому Айцу за яго навучанне і асабістае сведчанне жыцця i, як усе вернікі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, адорвае Наступніка святога Пятра сыноўняй пашанай і падтрымлівае малітвай яго апостальскае служэнне.
Біскуп пажадаў усім прысутным маладым людзям, каб гэтыя дні, праведзеныя ў гасцінным Гродне – горадзе Стэфана Баторыя, пазначаным прысутнасцю святых каралевіча Казіміра і Максімільяна Кольбэ, – былі перажыты як найцудоўней, на хвалу Божую і для іх духоўнай карысці.
Падчас Эўхарыстыі Апостальскі Нунцый маліўся за ўсіх маладых людзей Беларусі, каб яны маглі ўзрастаць у асабістых адносінах з Езусам i каб, пасля прыняцця Хрыста як крыніцы жыцця, іх жыццё было па-сапраўднаму плённым.
Быць з Езусам – сэнсам жыцця
На пачатку гаміліі арцыбіскуп Габар Пінтэр выказаў сваю радасць бачыць столькі моладзі, з’яднанай у малітве хвалы і ў сведчанні пра сваю веру і любоў да Бога перад аднагодкамі і ўсім грамадствам.
“Цудоўна бачыць вашу еднасць у добрым. Кожны чалавек шукае ў жыцці еднасць. Шчаслівы чалавек, які яе знаходзіць: чые думкі, словы і справы ствараюць адзіны блок і не маюць ніякай супярэчнасці”, – дадаў іерарх.
Арцыбіскуп заклікаў цешыцца прысутнасцю Езуса і жыць з Ім, a гэта будзе магчыма толькі тады, калі сам чалавек гэтага захоча. Нунцый патлумачыў, што быць з Езусам –значыць “трываць у веры, якая ў сваю чаргу ўмацоўваецца праз пастаяннае і ўважлівае слуханне Божага слова”. “Гэта значыць – выконваць патрабаванні веры, а ўсе яны змяшчаюцца ў запаведзі любові да Бога і бліжніх”, – а тады Езус “будзе жыць у нас і стане тым, чым з’яўляецца лаза для галінак: жыццёвым прынцыпам, натхненнем, прычынай, сэнсам усяго нашага жыцця, нашых выбараў”.
Узгадваючы пра дэвіз сустрэчы, прадстаўнік Святога Айца адзначыў, што толькі тады, калі чалавек адкрываецца на Божую ласку, немагчымае становіцца магчымым. “Божая ласка закранае вашае “сёння”, дакранаецца да вас з усімі вашымі страхамі і абмежаваннямі і раскрывае перад вамі цудоўныя Божыя планы”, – падкрэсліў іерарх.
Нунцый заклікаў моладзь выкарыстоўваць свае сілы і энергію для таго, каб палепшыць свет, пачынаючы са свайго асяроддзя. “Бог для кожнага з вас мае асабістае заданне і цудоўны план любові. І той, хто зашчэпіць сваё жыццё ў Божы план любові, паступова ўбачыць не толькі спаўненне сваіх мараў, але, безумоўна, яшчэ больш – убачыць вялікія Божыя справы ў сваім жыцці”, – сказаў арцыбіскуп Пінтэр.
Прадстаўнік Папы заахвоціў трываць з Хрыстом, які з’яўляецца крыніцай усялякага дабра. “Калі вы застанецеся ў Ім, Ён сам зробіць так, каб у вашых сэрцах і з вашых сэрцаў вырас плод братэрскай любові; але калі вы не застанецеся ў Ім, ваша жыццё будзе паступова сапсаванае вашым жа эгаізмам”, – дадаў ён.
У Імшы прынялі ўдзел таксама біскупы нашай краіны, якія суправаджаюць моладзь сваіх партыкулярных Касцёлаў на гэтай сустрэчы.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая