Skip to main content

У Гродне пачалася Агульнабеларуская сустрэча моладзі

adm start 329 красавіка ў Гродне пачалася III Агульнабеларуская сустрэча каталіцкай моладзі. Сустрэча, якая прымеркавана да Года моладзі ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі i спалучана з юбілейнымі 25-мі Дыяцэзіяльнымі днямі моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, праходзіць пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля.

На мерапрыемства з’ехалася больш за 2 тысячы маладых людзей з усёй Беларусі. Тут прысутнічаюць прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. Найбольшая колькасць удзельнікаў паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі.

Сустрэцца і ўбачыць столькі моладзі, якая сабралася з адной мэтай – каб славіць свайго Бога і вучыцца адвазе ў Панны Марыі, – сапраўдная радасць. Радасныя твары, вочы, поўныя энергіі і энтузіязму, – усё гэта кажа аб тым, што бліжэйшыя дні сапраўды будуць выключнымі. Сведкамі гэтага будуць жыхары горада над Нёманам, які ўпершыню прымае ўдзельнікаў Агульнабеларускай сустрэчы моладзі.

Маладым людзям спадарожнічае добрае сонечнае надвор’е. Спадарожнічаюць ім таксама іх душпастыры, сёстры законныя і катэхеты, якія разам з імі будуць праводзіць гэтыя веснавыя дні.

adm start 26

Падчас сустрэчы ўдзельнікі будуць канцэнтравацца на яе дэвізе: “Не бойся, Марыя, бо знайшла ты ласку ў Пана” (Лк 1, 30). Праз гэтыя словы арганізатары хочуць паказаць моладзі, што чалавек можа сапраўды атрымаць ласку ад Бога праз пасрэдніцтва Марыі, якая сама была адорана вялікім прывілеем стаць Маці Божай.

Як адзначае душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі і арганізатар гэтага мерапрыемства кс. канонік Антоні Грэмза, гэта будзе выключны час сведчання адзін аднаму і ўсяму гораду, які ў гэтым, безумоўна, мае патрэбу. Гэта будзе таксама вялікае свята маладых людзей, якіх яднае Пан Бог і якому яны хочуць даверыць сваё жыццё.

Ксёндз Антоні Грэмза дадае, што Панна Марыя будзе асаблівым чынам задаваць тон гэтай сустрэчы, бо праз тэматычныя канферэнцыі, працу ў групах і індывідуальныя размовы маладыя людзі змогуць лепш пазнаваць цноты і прывілеі Маці Божай і супольна прасіць Яе заступніцтва за моладзь усёй краіны і свету.

Удзельнікаў чакае насычаная праграма: супольная малітва i Эўхарыстыя, канферэнцыі, праца ў групах, дыялог з біскупамі, канцэрты гуртоў “Ave” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, “Crossway” з Баранавіч i “Piligrims” са Смаргоні.

adm start 16

Запланавана вельмі багатая праграма, плён якой залежыць ад кожнага ўдзельніка сустрэчы і яго вялікай зацікаўленасці, бо кожны чалавек сваёй прысутнасцю ўносіць шмат дабра ў стварэнне добрай сямейнай атмасферы.

Хочацца пажадаць, каб III Агульнабеларуская сустрэча моладзі ўмацавалa веру маладых людзей Касцёла і навучылa іх вельмі часта звяртацца да Найсвяцейшай Маці, якая заўсёды ўказвае на Езуса Хрыста і кажа: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”.

Няхай гэты час, які маладыя людзі з розных куткоў нашай краіны правядуць у каралеўскім горадзе Гродне, прынясе плён Божай ласкі ў іх жыцці!

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая