Skip to main content

Гродна чакае гасцей! Запрашэнне на Агульнабеларускую сустрэчу моладзі (+ відэа)

concert 768722 640Трываюць апошнія прыгатаванні да Агульнабеларускай сустрэчы моладзі, якая адбудзецца з 29 красавіка па 1 мая ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (мікрараён Дзевятоўка).

Тэма сустрэчы – “Не бойся, Марыя, бо знайшла ты ласку ў Пана” (Лк 1, 30).

Арганізатары абяцаюць цікавую праграму, стрыжнем якой, безумоўна, з’яўляецца духоўны складнік. Штодня моладзь будзе мець магчымасць удзелу ў святой Імшы, супольнай малітве, канферэнцыях, зможа таксама пашукаць адказы на хвалюючыя пытанні падчас свайго роду “катэхезы ў катэхезах”.

Галоўным госцем сустрэчы стане Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Іерарх прыбудзе ў Гродна, каб прывітаць удзельнікаў i даць пачатак гэтаму святу маладых.

У межах сустрэчы прадугледжана таксама насычаная культурная праграма. Вечарам кожнага дня запланаваны канцэрты музычных гуртоў. Сваім спевам прысутных парадуюць семінарыйны гурт “Ave”, гурт “The Сrossway” з Баранавічаў і гурт “Piligrims” са Смаргоні.

Як паведамляюць арганізатары, на сёлетнія Дні моладзі чакаецца армія маладзёнаў у складзе 2 тысяч чалавек з усіх дыяцэзій Беларусі.

Мінулыя Агульнабеларускія дні моладзі праходзілі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у Івянцы. Упершыню моладзь з усёй краіны сабралася на супольны малітоўны форум у ліпені 2008 года з нагоды 23-х Сусветных дзён моладзі, якія адбываліся ў Сіднэі (Аўстралія).

JM