Традыцыйна перад прыняццем сакрамэнту хрысціянскай сталасці моладзь са Шчучына перажывае адмысловы дзень засяроджання. У рамках сёлетняй духоўнай падрыхтоўкі 21 красавіка маладыя людзі здзейснілі пілігрымку ў санктуарый у Тракелях. У мясцовым касцёле яны сабраліся на св. Імшы і памаліліся перад абарзом Маці Божай, просячы яе аб неабходных ласках.
Пасля хлопцы і дзяўчаты накіраваліся ў піярскую святыню ў Лідзе, дзе для іх прамовіў канферэнцыю а. Аляксандр Махнач SP. Ён звярнуў увагу на абавязак няспыннай вернасці Хрысту і Яго Касцёлу, які ляжыць на кожным верніку з моманту прыняцця сакрамэнту канфірмацыі.
Затым маладыя людзі мелі магчымасць выказаць сваю крэатыўнасць падчас працы ў групах. Яны разважалі над 10-цю запаведзямі, якімі прагнуць жыць з моманту прыняцця дароў Духа Святога.
1. Кожную нядзелю ўдзельнічаць у св. Імшы;
2. Рэгулярна прыступаць да сакрамэнту споведзі;
3. Прымаць як мага часцей св. Камунію;
4. Памятаць пра шчырую размову з Богам – штодзённую малітву;
5. Актыўна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла;
6. „Сябраваць” з малітвай на ружанцы;
7. У незалежнасці ад месца знаходжання быць гатовым абараніць сваю веру, жыць ёю і заўсёды заставацца верным Хрысту, Яго запаведзям і Касцёлу;
8. Імкнуцца да большага пазнання Бога, напрыклад, праз бесперапынны ўдзел у катэхізацыі (таксама і ў наступных класах);
9. Пацвярджаць сваю веру ўчынкамі;
10. Гледзячы на святога, імя якога была выбрана да канфірмацыі, быць прыкладам сапраўднай веры для іншых.
+бонус:
- забыцца пра тэлефон у касцёле:)
- штодня „ставіць галачку” каля кожнай вышэйзгаданай запаведзі:)
Тэкст: а. Віталь Слука SP
Фота: Людміла Казлова