17 красавіка ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся чарговы дзень засяроджання святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. Святары, якія сабраліся ў семінарыйнай капліцы, паслухалі канферэнцыі, трывалі на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і цэлебравалі святую Імшу.
З канферэнцыяй на тэму “Жыць Евангеллем” звярнуўся да прысутных кс. Тадэвуш Крыштопік, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы. Святар адзначыў, што “трэба нястомна вяртацца ў навучанні да здаровых прынцыпаў Евангелля, якое абвяшчалася да нас святарамі, нашымі папярэднікамі”.
Па словах кс. Крыштопіка, сённяшнія святары не пачынаюць з нуля, а працягваюць тое, што рабілі іх папярэднікі.
Святар звярнуў увагу, што ў сучасны свет, таксама і ў Касцёл, прабіраецца секулярызацыя, якая размывае тое, што святое і Божае. “Секулярызацыя ўнутры Касцёла – гэта паступовае ўчыненне з Хрыста аднаго з бажкоў для прыгожага, прыемнага, бязгрэшнага ўжывання прыемнасцяў гэтага свету: у межах догматаў веры і добра прасеяных і вытлумачаных сабе, а таксама вельмі пашыраных межах Божых запаведзяў”, – дадаў кс. Крыштопік.
Святар падкрэсліў, што сапраўдны гераізм засноўваецца толькі на вернасці навуцы Езуса, нават коштам таго, каб быць нямодным, гатовым цярпець і зносіць пераслед, быць адкінутым, як Езус і апосталы.
“Трэба абвяшчаць слова Езуса – проста і выразна. Так, як гэта рабілі святары перад намі. Так, як абвяшчае Касцёл 2000 гадоў”, – сказаў кс. Крыштопік.
Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, з нагоды 27-годдзя заснавання дыяцэзіі, што адзначалася некалькі дзён таму, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заклікаў усіх маліцца за мясцовы Касцёл, а таксама за новыя пакліканні да служэння ў ім.
У гаміліі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначыў, што прысутнасць святароў на дні засяроджання – магчымасць чарговы раз засведчыць святарскую еднасць і салідарнасць.
Іерарх заклікаў усіх сабраных вярнуцца да атмасферы Вялікага чацвярга, калі быў устаноўлены сакрамэнт святарства і часткай якога з’яўляецца таксама цёмная ноч Аліўнай гары, куды Езус уваходзіць са сваімі вучнямі.
“Езус уваходзіць у ноч, якая з’яўляецца сімвалам смерці, адсутнасці камунікацыі, разумення, страты супольнасці і жыцця. Езус уваходзіць у ноч, каб яе перамагчы і каб адкрыць новы дзень Бога ў гісторыі чалавецтва”, – сказаў біскуп.
Іерарх падкрэсліў, што з Езусавай малітвы на Аліўнай гары трэба вучыцца веры. “Вучыцца веры ў рэалізацыю Божага плану адносна чалавека, нашых вернікаў, якія знаходзяцца ў цяжкіх, часта драматычных жыццёвых сітуацыях. Мы павінны вучыць, дапамагаць зразумець, што цярпенне не абвязкова паходзіць ад граху бацькоў або ў выніку шукання дапамогі ў “маці-прыроды”. Цярпенне ачышчае, узмацняе веру і загартоўвае дух”, – дадаў біскуп.
Па словах іерарха, чалавек свабодны толькі тады, калі з’яднаны з Богам. “У малітоўным змаганні на Аліўнай гары Езус знішчыў фальшывую супярэчнасць паміж паслухмянасцю і свабодай”, – заўважыў біскуп.
Сустрэча святароў завяршылася супольным абедам і паведамленнямі біскупскай курыі, якая праінфармавала пра блізкія ў дыяцэзіі падзеі.
Kс. Юрый Марціновіч