Skip to main content

Выпускнікі са Шчучына здзейснілі пілігрымку ў будслаўскі санктуарый

bud 2018 15816–17 красавіка для выпускнікоў са Шчучына была арганізавана пілігрымка ў Нацыянальны санктуарый у Будславе. Перад цудатворным абразом Найсвяцейшай Панны Марыі маладыя людзі маглі ўзнесці свае малітвы і просьбы, найперш просячы Маці Божую Будслаўскую аб духоўнай падтрымцы на час экзаменаў і аб дапамозе ў добрым выбары сваёй будучыні.

Таксама ў гэтай інтэнцыі ў санктуарыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў яго кусташ а. Віктар Бурлака OFM.

У ходзе пілігрымкі моладзь мела магчымасць наведаць шмат цікавых месцаў і святыняў Беларусі – такіх, як касцёл свв. Пятра і Паўла і адна з найстарэйшых беларускіх мячэцяў, што знаходзіцца ў Іўі. Пілігрымы маглі памаліцца і пазнаёміцца з гісторыяй цудатворных абразоў у санктарыях у Гудагаі і Барунах, пабачыць адзін з найпрыгажэйшых касцёлаў нашай краіны ў Гервятах і месца, дзе ў 1385 г. у Крэве было падпісана пагадненне паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім.

bud 2018 97

Была і магчымасць адпачыць на найвялікшым беларускім возеры – Нарачы – і найвялікшым вадасховішчы ў Вілейцы. Удзельнікі пілігрымкі пабачылі таксама таямнічы замак у Гальшанах, адчулі гасціннасць вернікаў, святароў і манахаў у святынях у Нарачы, Мядзелі і Вілейцы.

Пілігрымка выпускнікоў у Будслаў стала ўжо сёмай у гісторыі шчучынскай парафіі.

Iрына Станейка

Фота: Людміла Казлова і Андрэй Арціш