Skip to main content

Велікодная сустрэча з працаўнікамі чыгункі адбылася ў Лідзе

czygunaczniki lida 2315 красавіка ў лідскай парафіі Святой Сям’і прайшла велікодная сустрэча з працаўнікамі чыгункі. На сустрэчы сабраліся ўдзельнікі душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі з розных месцаў дыяцэзіі разам са сваім душпастырам а. Эдвардам Пяцельчыцам CSsR.

Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх членаў душпастырства ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі біскуп адзначыў, што кожны чалавек, як хрысціянін, пакліканы да таго, каб быць сведкам Уваскрослага. Але, каб стаць сведкам Хрыста, трэба найперш Яго пазнаць, сустрэць у сваім жыцці.

“Мы будзем праўдзівымі, як сведкі Хрыста, калі будзем захоўваць яго навуку. Нашы ўчынкі, калі прадыктаваны любоўю да Бога і бліжняга, – найлепшае сведчанне таго, што мы ведаем Хрыста”, – звярнуў увагу іерарх.

Біскуп падкрэсліў, што вера чалавека, якая не мае пацвярджэння ў яго паводзінах, не будзе ніколі праўдзівай верай.

Яна стане фальклорам, традыцыяй, звычаем, модай, светапоглядам, жыццёвай філасофіяй – але верай не будзе”, – сказаў іерарх.

Таму гродзенскі ардынарый дадаў, што ў гэты дзень прыходзяць да Пана таксама працаўнікі дзяржаўнай чыгункі, каб разам з вернікамі лідскай парафіі прасіць, каб умацаваў іх веру, учыніў яе больш сталай і больш дзейснай.

czygunaczniki lida 3

“Будзем супольна прасіць, каб Уваскрослы асвяціў нашы думкі і сэрцы сваім Словам. Няхай Яго навука, заключаная ў Евангеллі, вызначае для нас шлях жыцця”, – дадаў біскуп.

Пасля Імшы ўсе сабраныя сустрэліся пры супольным стале, дзе віншавалі адзін аднаго і дзяліліся велікодным яйкам.

Душпастырства чыгуначнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі апякуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі. Iдэя заснавання душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гг. у Парэччы, дзе тады быў пробашчам а. Андрэй Шчупал CSRS.

Кс. Юрый Марціновіч         

Фота: Вікторыя Бурч