Skip to main content

У Мінску прэзентуюць фотаальбом "Містэрыі Гервятаў"

misteryja gerwiaty18 красавіка ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца прэзентацыя фотаальбома Валерыя Вядрэнкі "Містэрыі Гервятаў", які ўбачыў свет у сталічным выдавецтве "Тэхналогія".

У альбом увайшлі працы, створаныя фотамастаком у 2008–2013 гадах. Гэта дакументальныя фотаздымкі рэстаўрацыі і выгляду касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах ў розныя поры года; фасады і інтэр’еры, стылізаваныя пад фотагравюры канца XIX – пачатку XX стагоддзя; фотапластычныя кампазіцыі на тэмы Евангелля. Асобную частку складае рэпартаж пра святкаванне Вялікадня 23–24 красавіка 2011 года.

Валерый прысвяціў свой фотаальбом памяці шматгадовага пробашча касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах кс. Леаніда Несцюка, які адышоў у вечнасць 24 сакавіка мінулага года.

"Ён (кс. Леанід) неаднойчы казаў, што ў аднаўленні касцёла ўнёсак тутэйшых жыхароў быў самым важкім і вызначальным. І гэта стала галоўным матывам стварэння апошняй часткі альбома",— дзеліцца ўспамінамі яго аўтар.

Змешчаныя ў кнізе фотаздымкі, паводле словаў мастака, перадаюць непаўторную і натхняльную моц архітэктуры святыні, напаўняюць пачуццём гонару за высокі ўзор стылю і дасканалы вобраз увасобленай у ёй веры, нагадваюць пра веліч мінуўшчыны і даюць надзею на адраджэнне.

У межах прэзентацыі запланаваны таксама паказ фотафільма "Апосталы Гервятаў" — своеасаблівага "кіно ў дзвюхмернай прасторы", створанага, каб яшчэ глыбей перадаць эмоцыі, якія ўзнікаюць падчас наведвання гервяцкай святыні.

Прэзентацыя фотаальбома Валерыя Вядрэнкі «Містэрыі Гервятаў» распачнецца а 18-й гадзіне (пасля святой Імшы) ў зале на цокальным паверсе касцёла св. Сымона і св. Алены.

Даведка:

Валерый (Валер) Вядрэнка — беларускі фатограф, фотакрытык, мастак. Нарадзіўся 19 жніўня 1956 г. Каля 40 гадоў займаецца фатаграфічнай дзейнасцю, аднак у розныя перыяды творчага жыцця займаўся таксама жывапісам, скульптурай і кіно. Вялікая частка фотапрац створана на мяжы фатаграфіі і выяўленчага мастацтва. Лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, удзельнік калектыўных і персанальных выставаў. Творы знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным гістарычным музеі Республікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Дзяржаўным гістарычна-культурным запаведніку "Заслаўе", Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. У прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшы, Латвіі, Літвы, Іспаніі, ЗША. Аўтар фотаальбома "Лошыцкі дыярыуш".

Паводле catholic.by