Skip to main content

Сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля: няхай Езус будзе Панам вашага жыцця

kanfirmacyja dzewiatouka 3412 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) у Гродне.

Пасля ўрачыстага ўваходу іерарха ў святыню бацькі моладзі – кандыдатаў да канфірмацыі – звярнуліся да біскупа з просьбай аб удзяленні іх дзецям сакрамэнту хрысціянскай сталасці. Прадстаўнікі бацькоў у сваім слове адзначылі, што жадаюць для сваіх дзяцей “святла, мудрасці, вернасці і моцы, каб усе жыццё прабывалі з Уваскрослым”, таму яны паклапаціліся аб іх хрысціянскім выхаванні.

Вітаючы прысутных, пробашч парафіі а. Дзмітрый Лабкоў CSsR адзначыў, што моладзь жадае быць умацаванай гэтым дарам хрысціянскай сталасці, каб ісці з вялікай адвагай праз жыццё. Гэтае сваё жаданне выказалі і самі кандыдаты да сакрамэнту, калі на пытанне біскупа, ці хочуць прыняць Духа Святога, гучна, адважна і свядома далі свой адказ.

kanfirmacyja dzewiatouka 18

Падчас Імшы асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі запланаванага на восень Сінода Біскупаў у Рыме, прысвечанага моладзі, у інтэнцыі Сусветных дзён моладзі ў Панаме і агульнабеларускіх Дзён моладзі, якія ўжо хутка адбудуцца ў гэтай парафіі. Маліліся таксама аб тым, каб маладыя людзі былі сведкамі веры ў сённяшнім свеце.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што ў сённяшнія нялёгкія часы трэба быць найперш чалавекам вялікай адвагі.

“Найважнейшая такая адвага, якая праяўляецца ў штодзённасці, якая правярае нас у нашым штодзённым жыцці”, – дадаў святар.

Па словах кс. Марціновіча, сваім штодзённым словам і ўчынкам кожны чалавек таксама павінен дадаваць адвагі іншым і памятаць, што адвага – аснова быцця хрысціянінам.

Пасля святой Камуніі маладыя людзі, якія былі ўзбагачаны сямю дарамі Святога Духа ў сакрамэнце канфірмацыі, даверылі сваё сёння і заўтра Езусу, які палюбіў кожнага чалавека да канца і беспаваротна. Яны адзначылі, што не хочуць марнаваць шансу, якім з’яўляецца непаўторнае жыццё і час маладосці. Таму, ведаючы сваю слабасць, яны адкрылі свае сэрцы на Духа Святога, каб перамяняў іх, як калісьці апосталаў, каб яны былі вернымі да канца і любілі Езуса такой любоўю, якой Ён палюбіў кожнага.

На заканчэнне літургіі моладзь выказала падзяку біскупу, сваім катэхетам: a. Андрэю Урублеўскаму CSsR, Марыне Жыбартовіч-Протас, бацькам і выхавацелям.

kanfirmacyja dzewiatouka 28

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да моладзі, пажадаў, каб гэтая адвага ў вызнаванні веры перад прыняццем сакрамэнту канфірмацыі ніколі яе не пакідала. “Выбірайце ў сваім жыцці заўсёды Езуса. Няхай Ён будзе Панам вашага жыцця, давярайце Яму да канца, Ён будзе вас весці”, – сказаў іерарх.

Біскуп прасіў маладых людзей, каб ІІІ Агульнабеларуская сустрэча моладзі, якая пройдзе ў гэтай парафіі, была чарговай нагодай выразіць сваю веру праз канкрэтны ўчынак, добрае слова і гарачую малітву.

JM

Фота: Дзмітрый і Галіна Валюшка