Skip to main content

“Няхай гэтая семінарыя будзе сэрцам Касцёла ў Беларусі”: біскупы цэлебравалі Імшу ў гродзенскай семінарыі

episkapat wds 2612 красавіка, другі дзень 69-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, іерархі пачалі святой Імшой у капліцы ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Эўхарыстыю ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

На пачатку літургіі ўсіх прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які адзначыў, што прысутнасць іерархаў на малітве – выраз іх клопату аб будучыні Касцёла ў Беларусі.

З гаміліяй звярнуўся старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх заўважыў, што Касцёл зараз перажывае радасны Велікодны перыяд і ў гэты час вернікі асаблівым чынам усведамляюць, што Уваскрослы Хрыстус з’яўляецца фундаментам нашай веры.

episkapat wds 8

Звяртаючыся да семінарыстаў, арцыбіскуп адзначыў, што іх прысутнасць у гэтай навучальнай установе – доказ таго, што яны адказалі на заклік Езуса, каб праз семінарыйную фармацыю падрыхтавацца да адказнай задачы, якой з’яўляецца прапаведванне Божага слова. Старшыня епіскапату заахвоціў семінарыстаў развіваць сваё пакліканне, слухаць Бога, а не людзей, і імкнуцца да пастаяннага паглыблення сваіх ведаў.

Арцыбіскуп звярнуў увагу, што Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне, якая ўзбагаціла Касцёл у Беларусі больш чым 200 святарамі, згодна з рашэннем ККББ будзе рэарганізавана ў міждыяцэзіяльную.

“Няхай гэтая семінарыя будзе сёння не толькі сэрцам Гродзенскай дыяцэзіі, але і сэрцам Касцёла ў Беларусі”, – дадаў іерарх.

На заканчэнне Імшы са словам удзячнасці ў адрас усіх біскупаў Беларусі і Апостальскага Нунцыя звярнуўся рэктар семінарыі ў Гродне кс. д-р Раман Рачко.

Затым біскупы паснедалі разам з семінарыстамі.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Андрэй Юхнік, семінарыст