11 красавіка, у сёмую гадавіну выбуху ў мінскім метро, у парафіі Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) у Гродне адбылася святая Імша ў інтэнцыі ўсіх ахвяр гэтай страшнай трагедыі.
Літургію ўзначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў гэты час прымае ўдзел у пленарным пасяджэнні епіскапату ў Гродне. Разам з Мітрапалітам на Эўхарыстыі маліліся дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўкай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што сапраўдны мір нараджаецца найперш у сэрцы чалавека і што кожны пакліканы да творчага будавання базавых адносін паміж людзьмі. Іерарх заклікаў наша грамадства навучыцца жыць па-чалавечы, гэта значыць не адны супраць іншых, а адны для іншых.
Tэрарыстычны акт адбыўся ў Мінскім метрапалітэне на станцыі “Кастрычнікая” 11 красавіка 2011 г. у 17.55. У ім загінула 15 чалавек, а пацярпелі 203.
Кс. Юрый Марціновіч