8 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, у чарговы раз павялічылася супольнасць літургічнай службы алтара ў катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Некалькі юнакоў падчас святой Імшы былі прыняты ў шэраг міністрантаў.
Яны публічна паабяцалі аддана, радасна і сумленна спаўняць свае абавязкі ў час набажэнстваў і Эўхарыстыі.
“Дзякуючы Хрысту Пану за ласку міністранцкага паклікання, абяцаю святыя функцыі міністранта выконваць пабожна, рупліва і радасна на Божую хвалу і для дабра парафіяльнай супольнасці”, – такія словы прамовілі новыя міністранты, якія да гэтай падзеі былі адпаведным чынам падрыхтаваны.
Затым кс. Анджэй Ганчар, душпастыр моладзі і дзяцей катэдральнай парафіі, благаславіў комжы міністрантаў, а таксама ўдзяліў благаслаўленне на іх служэнне.
З гэтай хвіліны новыя міністранты змогуць насіць святую Кнігу, а таксама крыж – пераможны штандар нашай веры, будуць даваць знакі званочкамі, падаваць ахвярныя дары і насіць на хвалу Бога кадзіла і святло.
Томаш Мікалайчык, семінарыст