9 красавіка ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) адбылася адпустовая ўрачыстасць. На Эўхарыстыі сабраліся сёстры законныя з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і, якая шмат гадоў апякуецца святыняй, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і шматлікія жыхары горада.
Адпустовую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку літургіі іерарх адзначыў, што Панна Марыя, якая стала Маці Сына Божага, прымаючы Божую волю, сёння вучыць людзей паслухмянасці і вернасці.
“Марыя з’яўляецца для нас узорам прыняцця Божай волі і згоды з планам Бога на наша жыццё”, – дадаў біскуп.
Гамілію прамовіў а. Віталій Сярко SP са Шчучына. Святар адзначыў, што адпустовая ўрачыстасць Звеставання Пана найперш з’яўляецца запрашэннем выказаць удзячнасць Богу, які пра нас не забыў і сам паспяшаўся нам на паратунак, вырываючы нас з няволі граху і шатана і вяртаючы неба. Таксама яна звяртае нашы вочы да Марыі, як той, якую Бог запрасіў да супрацоўніцтва, чынячы з Яе прыклад даверу, якога чакае і ад нас.
На заканчэнне рэктар касцёла кс. канонік Антоні Грэмза падзякавў усім за прыбыццё на ўрачыстасць і за супольную малітву. Таксама святар заклікаў да ўключэння ў справу духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці, якая базуецца на малітоўным спадарожнічанні аднаму з зачатых дзяцей да часу яго прыйсця ў свет.
Кс. Юрый Марціновіч