8 красавіка, у свята Божай Міласэрнасці, якое ў 2000 годзе ўстанавіў св. Папа Ян Павел II, у санктуарыі Божай Міласэрнасці Радунскага дэканата адбылася адпустовая ўрачыстасць.
На малітве сабраліся мясцовыя вернікі, а таксама пілігрымы, якія прыбылі з розных парафій дэканата і з суседняй Літвы. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Вітаючы біскупа, пробашч парафіі кс. Анджэй Вітэк SAC адзначыў, што культ Езуса Міласэрнага жывы ў парафіі і ва ўсім дэканаце, а доказам гэтага з’яўляецца, напрыклад, тое, што Вяночак да Божай Міласэрнасці стаў для многіх рэгулярнай малітвай.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі адзначыў, што нядзеля Божай Міласэрнасці скіроўвае ўвагу чалавецтва на адну з найвялікшых і найважнейшых характарыстык Пана Бога – на Яго міласэрнасць.
“Сваімі словамі, учынкамі, усёй сваёй Асобай Езус Хрыстус аб’яўляе нам бясконцую любоў і бязмежную міласэрнасць Айца”, – дадаў іерарх.
Па словах біскупа, у гэтую нядзелю Пан Езус становіцца сярод людзей, як станавіўся сярод апосталаў у Вячэрніку, з трайным дарам: міру, прабачэння і веры.
“Ён кажа кожнаму з нас: даверся Мне! Я большы за твае страхі. Я ведаю твае грахі і нявернасць, абмежаванасць і слабасці. Ведаю, што ты чалавек слабай веры. Даверся Маёй міласэрнасці, і спазнаеш мір, спакой, суцяшэнне, а найперш атрымаеш вечнае збаўленне”, – адзначыў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заклікаў, каб усе хрысціяне, а асабліва бедныя грэшнікі, бязмежна даверыліся Езусу Уваскросламу, і тады знойдуць спакой у бязмежнасці Яго міласэрнасці.
Іерарх пажадаў, каб гэты новы воранаўскі санктуарый Радунскага дэканата прыцягваў як мага больш пілігрымаў і ззяў на ўсё наваколле культам Божай Міласэрнасці.
“Няхай верны люд, які прагне міру і прабачэння, мае патрэбу ў суцяшэнні і ўмацаванні ў веры, сустракаецца ў гэтым святым месцы, падобна як вучні ў Вячэрніку, з Хрыстом Уваскрослым. Няхай адчувае на сабе Яго лагодны і поўны любові позірк і няхай спазнае пастаянна шчодрасць Яго дароў і ласкаў”, – дадаў біскуп.
Пасля Імшы святары і вернікі прайшлі ва ўрачыстай працэсіі. Пасля ў акце аддання яны даверылі Божай Міласэрнасці саміх сябе і сваіх блізкіх.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні і канцэртам моладзевага хрысціянскага гурта “Рыбы”.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Вадзім Рамейка