8 красавіка ў Сапоцкіне каля Гродна ўжо ў трэці раз прайшло “свята пісанкі”. Жыхары горада і пасёлка і госці, таксама і з-за мяжы, збіраюцца дзеля пісанкі, упрыгожанай у адпаведнасці з мясцовай традыцый велікоднага яйка.
Асаблівая тэхніка роспісу з выкарыстаннем натуральных фарбаў уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Гэтая традыцыя, якая існавала тут шмат стагоддзяў, захавалася да сённяшняга дня.
Са святам усіх павіншавалі старшыня Сапоцкінскага сельсавета Лілія Шаматовіч, загадчык аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама Наталля Рамановіч і пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча кс. Антоні Абухоўскі.
Сёлета наведвальнікі змаглі ўбачыць яшчэ больш незвычайных экспанатаў, дэкараваных у самых розных тэхніках. Самаму старому з іх – драпанцы, якую перадала Валянціна Волах, – споўнілася 30 гадоў.
Акрамя сапоцкінскіх, былі прадстаўлены пісанкі з Польшчы і Украіны. Захапленне выклікалі абразы і выявы касцёлаў Гродзенскага раёна, намаляваныя на страусіных яйках.
У ходзе свята мясцовыя гаспадыні спаборнічалі, у каго з іх лепшая велікодная выпечка. На працягу ўсяго дня святочны настрой стваралі творчыя калектывы Гродзенскага раёна. Для ахвотных былі арганізаваны майстар-класы.
Музей пісанкі ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры быў адкрыты ў 2017 г. На выстаўцы сёння больш за 500 пісанак. Акрамя старадаўняй тэхнікі, прадстаўлены шматлікія экспанаты, выкананыя ў сучаснай тэхніцы. Усе яны збіраліся на экспазіцыю больш за пяць гадоў з бліжэйшых вёсак.
У музеі можна не толькі ўбачыць і самаму паспрабаваць распісаць “сапоцкінскую пісанку”, але і пазнаёміцца з тэхнікай вырабу велікодных вербаў, убачыць калекцыю рарытэтных паштовак да галоўнага хрысціянскага свята.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Людміла Кавальчук