1 красавіка, ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана, моладзь з Геранён зладзіла ў мясцовым касцёле пантаміму “Такія, як ёсць”.
На пачатку выступлення музыкант іграе на гітары прыгожую мелодыю. Гэтай музыкай захапляецца галоўны герой і просіць музыканта навучыць яго іграць на гэтым інструменце. На жаль, з навучання нічога не атрымоўваецца, і музыкант вешае на героя картку з надпісам “Бяздарны”.
Потым галоўны герой атрымоўвае яшчэ чатыры карткі ад іншых людзей з надпісамі “Слабак”, “Непрыгожы”, “Неразумны”, “Няўдачнік”. Ён не мае больш сіл для далейшага жыцця, знемагае і, скрушаны духам, просіць дапамогі ў Бога.
І тут з’яўляецца Езус Хрыстус. Збаўца здымае з героя ўсе карткі, якія перашкаджаюць чалавеку, вешае замест іх картку з надпісам “Збаўлены” і праводзіць яго ў Нябеснае Валадарства. “Толькі ў Езусе Хрысце наша збаўленне” – такімі словамі заканчваецца велікодная пантаміма.
Сваімі ўражаннямі пасля выступлення падзялілася Ангеліна Капуста, якая выконвала ролю галоўнага героя: “Магу сказаць, што мне вельмі спадабалася выконваць гэтую ролю. Хоць выступала я ўжо не першы раз, аднак хваляванне трошкі напаўняла маё сэрца.
Выступленне паказала, што праслаўляць Езуса Хрыста можна не толькі малітвай або песняй, а яшчэ і праз выкананне ролі ў пантаміме або якой-небудзь сцэнцы. Мне здаецца, што такія выступленні дапамагаюць гледачам зразумець і ўбачыць тое, што закладзена ў асновы прадстаўлення. Напрыклад, як сёння мы паказалі, што, нягледзячы на “карткі з рознымі назвамі” ад іншых людзей, Пан Езус усё роўна збаўляе чалавека”.
Aнастасія Мішкура