У велікодную раніцу, 1 красавіка, у горадзе над Нёманам загучалі званы на вежах усіх касцёлаў, звястуючы радасць Уваскрасення Пана. Урачыстую Эўхарыстыю ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Святкаванне Вялікадня пачалося працэсіяй вуліцамі горада, падчас якой шматлікія ўдзельнікі сведчылі сваю веру ва Уваскрослага і прыналежнасць да Касцёла.
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што перамога Езуса Хрыста над смерцю, пеклам і шатанам з году ў год паглыбляе ў людзях перажыванне таямніц веры і адкрывае нанова іх значэнне.
“Паколькі Хрыстус уваскрос, гэта азначае, што Ён жыве і будзе жыць, - сказаў іерарх. - Яго Гроб пусты і застанецца пустым да сканчэння свету. Ніхто нанова не зачыніць там Езуса. (…) Мы не павінны казаць пра Езуса ў мінулым часе: што Ён быў, што Ён жыў. Езус ёсць і жыве. Таксама і сёння мы можам Яго сустрэць, як сустрэў Лі Стробел, чыю гісторыю апавядае фільм пад назвай “Справа Хрыста”.
У сямідзясятых гадах Стробел быў ваяўнічым атэістам і любым коштам хацеў даказаць сваёй нованавернутай жонцы, што ўваскрасення Хрыста не было. Як рэпарцёр ён размаўляў з тэолагамі, урачамі, гісторыкамі, антраполагамі, псіхолагамі. У яго была надзея, што сусветна вядомыя навукоўцы дапамогуць яму раз і назаўсёды навукова абвергнуць міф аб уваскрасенні. Але сталася нешта зусім іншае.
"Стробел паступова пачаў для сябе адкрываць, што вера ва ўваскрасенне цалкам рацыянальная. Ён спазнаў ласку навяртання. Зразумеў, што ўваскрасенне – не міф, а факт, бо без уваскрасення не было б хрысціянства. Ён стаў пастарам і евангелізатарам, рэшту жыцця прысвяціў абвяшчэнню Божага слова, бо жадаў, каб як мага больш людзей магло спазнаць, як ён, сустрэчу з Хрыстом Уваскрослым”, - дадаў біскуп.
“Будзем прасіць сёння Пана, каб распаліў нашы сэрцы сваёй любоўю і ўчыніў нас сведкамі Яго Уваскрасення, - заклікаў іерарх вернікаў. - Няхай праўда аб уваскрасенні Хрыста схіляе кожнага з нас “шукаць тое, што ў вышынях”, як кажа святы Павел (пар. Кал 3, 1), a значыць ісці за Збаўцам шляхам любові да Бога і бліжняга, шляхам памірання для граху і нараджэння да новага жыцця ў Хрысце Пану, шляхам вырачэння і крыжа – да паўнаты жыцця ў хвале ўваскрасення”.
Кс. Юрый Марціновіч