Skip to main content

Літургія Паcхальнай вігіліі ў гродзенскай катэдры: адрадзіць у сабе прагненне Бога

w subota katedra 20Вечарам у Вялікую суботу, 31 сакавіка, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая літургія Пасхальнай вігіліі. Узначаліў яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.Багатая літургія Пасхальнай вігіліі, якая з’яўляецца цэнтральным фрагментам Пасхальнага Трыдууму, складаецца з чатырох частак: літургіі Святла, літургіі слова, літургіі хросту і Эўхарыстычнай літургіі.

Гэта найпрыгажэйшая і найбольш сімвалічная каталіцкая літургія. Яна нагадвае пра гісторыю збаўлення і яе найважнейшыя элементы, пачынаючы ад стварэння свету, праз вывядзенне габрэяў з Егіпта і да ўваскрасення Хрыста.

Літургія Пасхальнай вігіліі пачалася ў гродзенскай катэдральнай парафіі перад святыняй, дзе біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў агонь. Ад гэтага агню быў запалены пасхал – сімвал Хрыста Уваскрослага, – які затым урачыста ўнеслі ў касцёл.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што ўрачыстасць Уваскрасення Пана адраджае ў людзях прагненне Пана Бога, Яго бясконцай мудрасці і дабрыні, бо толькі яны могуць надаць сэнс чалавечаму існаванню.

“Гэтае прагненне Бога і пастаянных сустрэч з Ім уратуе нас перад разнастайнымі навінкамі, якія прапануе нам сучасны свет”, – дадаў святар.

w subota katedra 24

Пасля гаміліі біскуп благаславіў хрысцільную ваду, а ўдзельнікі літургіі аднавілі абяцанні хросту: вызналі сваю веру і выракліся шатана.

Вянцом Пасхальнай вігіліі была Эўхарыстычная літургія разам са святой Камуніяй, якая завяршылася ўрачыстым благаслаўленнем і словамі рассылання, узбагачанымі двухразовым радасным “Аллелюя”.

На заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў усім прысутным у катэдры глыбокага спазнання незвычайнай блізкасці Пана і Яго бясконцай любові.

“Няхай Хрыстус Уваскрослы ўмацуе ў кожным з нас надзею і ажывіць веру. Няхай глыбокая асабістая сустрэча з Адкупіцелем прынясе як мага больш прыгожыя плёны ў жыцці асабістым, сямейным і грамадскім”, – сказаў іерарх.

JM