Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Літургію Мукі Пана ў санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі

ros wp kaszkewicz230 сакавіка, у Вялікую пятніцу, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў дыяцэзіяльны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат), дзе ўзначаліў Літургію Мукі Пана.

400-годдзе з часу цуду сляпой жанчыны

Іерарх прыбыў у санктуарый у юбілейны год, калі прыпадае 400-годдзе першай гістарычнай узгадкі аб фігуры Езуса, якая змешчана ў галоўным алтары святыні.

У 1618 г. адна пажылая жанчына, сляпая ад нараджэння, прыйшла ў касцёл у Росі і захацела прыступіць да споведзі. Яна праціскалася праз натоўп вернікаў, сабраных на Імшы, просячы даць ёй прайсці, каб патрапіць да святара.

Хтосьці вырашыў пажартаваць і скіраваў жанчыну да фігуры Езуса Журботнага, якая тады стаяла ў бабінцы касцёла. Жанчына ўпала на калені і пачала спавядацца. Калі яна скончыла вызнанне гахоў, Езус узнёс руку ў жэсце адпушчэння, а жанчына атрымала зрок.

Пасля гэтай цудоўнай падзеі культ Езуса Журботнага пачаў развівацца. Шматлікія воты і сведчанні, складзеныя пад прысягай і запісаныя ў кнігах, сведчаць пра мноства аздараўленняў, навяртанняў і іншых ласкаў, атрыманых тымі, якія ўзносілі малітвы да Хрыста перад гэтай фігурай.

Услухацца ў далікатны голас крыжа

ros wp kaszkewicz18

Літургія ў Вялікую пятніцу складалася з чатырох частак: літургіі слова, адарацыі Святога Крыжа, святой Камуніі і перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Гроб Пана.

У гаміліі, звяртаючыся да шматлікіх прысутных у санктуарыі вернікаў, біскуп Кашкевіч адзначыў, што Вялікая пятніца – асаблівы час, які дае магчымасць суцішыцца і ўслухацца ў ціхі, далікатны голас крыжа.

Па словах іерарха, ключом да разумення таямніцы крыжа з’яўляецца любоў. “Пан Езус прымае на сябе дабравольную муку і крыжовую смерць, бо любіць нас бясконцай, боскай любоўю. Наш Збаўца не адмервае сваёй любові з дакладнасцю аптэкара, не вылічвае, колькі дакладна трэба для збаўлення”, – дадаў біскуп.

Як падкрэсліў іерарх, Езус жадае толькі, “каб кожны чалавек скарыстаўся плёнамі Яго мукі”, “каб не адкідваў міласэрнай і прабачаючай любові, каб не пазбаўляў сябе вечнага жыцця, за якое Хрыстус заплаціў такую высокую цану”.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў радасць з таго, што ў сёлетнюю Вялікую пятніцу – дзень цэлебрацыі крыжовай смерці нашага Збаўцы – Божы Провід даў яму ласку стаяць у гэтым святым месцы, перад такой цудоўнай выявай.

Кс. Юрый Марціновіч