Skip to main content

“Буду як мага старанней несці ганаровае званне міністранта”: прыняцце новых міністрантаў адбылося ў Лідзе

lida mns 8Падчас Імшы Вячэры Пана, 29 сакавіка, у лідскай парафіі Святой Сям’і 17 хлопцаў былі прыняты ў літургічную службу алтара. Цырымонію прыняцця міністрантаў здзейсніў пробашч парафіі кс. канонік Юзаф Ганчыц і адказны за літургічную службу алтара парафіі кс. Юрый Гурскі.

Пробашч заахвоціў хлопцаў быць сапраўднымі сведкамі Хрыста, заўсёды рупліва служыць пры алтары і памятаць, что міністрант павінен быць для ўсіх прыкладам адказнасці і служэння людзям і Богу.

Затым кандыдаты склалі прысягу вернасці ў служэнні Хрысту і Яго Касцёлу. Хлопчыкі ўпершыню апранулі белыя літургічныя адзенні – комжы, а старэйшыя міністранты і семінарысты ім дапамагалі.

Гэтая падзея для хлопцаў была новай і важнай прыступкай у жыцці, таму што цяпер яны маюць магчымасць служыць не толькі людзям, але і пры алтары Пана. Новы крок, які яны зрабілі ў сваім хрысціянскім жыцці, як спадзяюцца вернікі парафіі, дапаможа ўмацаваць іх веру і яшчэ больш наблізіцца да Бога.

“У мяне заўсёды было жаданне быць міністрантам. Кожны раз, калі я прыходзіў на святую Імшу, я хацеў так жа, як і старэйшыя хлопчыкі, дапамагаць пры алтары. Яны былі для мяне сапраўдным прыкладам. Таму я вельмі сур'ёзна і адказна рыхтаваўся да гэтай урачыстасці. І зараз, калі я стаў міністрантам, стаю пры алтары і трымаю ў руках сваю ўласную комжу, я буду як мага старанней несці ганаровае званне міністранта”, – падзяліўся адзін з новых міністрантаў, Мацвей Пуляк.

Вікторыя Бурч