26-28 сакавіка ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбыліся велікапосныя рэкалекцыі.
Сёлетнія рэкалекцыі правёў кс. Андрэй Сідаровіч (марыянін), які служыць у Росіцы (Віцебская дыяцэзія).
У першы дзень святар разважаў на тэму споведзі, звяртаючы асаблівую ўвагу на яе мэту – атрыманне Божай міласэрнасці, прабачэння, а не толькі вызнаванне грахоў. Другі дзень быў прысвечаны вернасці Богу. У гаміліі кс. Андрэй Сідаровіч разважаў над паводзінамі аднаго з апосталаў, а менавіта таго, хто здрадзіў Хрысту, – Юды Іскарыёта.
Разважанні трэцяга дня датычылі Эўхарыстыі. Рэкалекцыяніст узбагаціў гамілію яскравымі прыкладамі Эўхарыстычных цудаў, а таксама перажываннем Эўхарыстыі адным з яго сабратоў у час ссылкі ў Сібір.
Традыцыйна пасля вячэрняй святой Імшы штодзённа адбываліся сустрэчы для розных груп вернікаў (жанчын, мужчын і моладзі). На заканчэнне рэкалекцый кс. Андрэю Сідаровічу выказаў удзячнасць пробашч парафіі кс. кан. Ян Кучынскі, а таксама члены парафіяльнай супольнасці.
Тамаш Мікалайчык, семінарыст