Skip to main content

Крыжовы шлях вуліцамі Сапоцкіна: быць дарам для іншых

sapockina kryzowy 42Па традыцыі ў пятніцу перад Пальмовай нядзеляй – сёлета 23 сакавікa – вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча, несучы на плячах крыж, прайшлі вуліцамі Сапоцкіна, разважаючы над мукай і смерцю Езуса Хрыста.

Шматлікія парафіяне ў гэты дзень праз удзел у набажэнстве далі сведчанне сваёй прывязанасці да Крыжа Езуса Хрыста.

У разважаннях, якія чыталіся моладдзю, удзельнікаў заклікалі вучыцца міру падчас сустрэчы з крыжам.

“Трэба адрываць позірк ад зямлі, на якую мы ўпалі, каб не палюбіць слабасці”, – гаварылася падчас адной са стацый. Вернікаў заахвочвалі таксама вучыцца сустракацца з іншымі людзьмі і быць дарам для іх.

sapockina kryzowy 36

У разважаннях, акрамя таго, гучаў заклік верна крочыць шляхам, указаным Богам, каб на ім вучыцца ад Езуса сустракацца, даваць, прабачаць і любіць.

Падчас набажэнства вернікі ўглядаліся ў Езуса Хрыста, які з’яўляецца дасканалым прыкладам прыняцця Божай волі. Ён быў паслухмяны свайму Айцу да самай смерці – смерці на крыжы.

Падчас шляху сярод вернікаў панавала атмасферa малітвы і засяроджання, а тэматычна падабраныя спевы спрыялі рэфлексіі і прыняццю пастановаў.

Крыжовы шлях стаў нагодай увайсці ў перажыванне Пасхальнага Трыдууму, які з’яўляецца найважнейшай цэлебрацыяй і падзеяй нашай веры.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Людмілы Кавальчук