25 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, у Вялікай Бераставіцы адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях. Ролі падчас стацый Крыжовага шляху Езуса Хрыста выконвалі прадстаўнікі ўсіх пакаленняў вернікаў парафіяльнай супольнасці Перамянення Пана.
У ходзе набажэнства было прадстаўлена 14 стацый, якія нагадвалі апошнія хвіліны зямнога жыцця Хрыста. Святары дэканата падчас Крыжовага шляху спавядалі вернікаў, якія пажадалі адкрыць свае сэрцы на ўжо блізкія святы.
У інсцэніраваным набажэнстве, якое стала ў Вялікай Бераставіцы ўжо традыцыяй, прыняла ўдзел вялікая колькасць вернікаў гэтай і іншых парафій. Так парафіяне ўваходзяць у атмасферу Вялікага тыдня, каб перажыць яго адпаведным чынам.
Дадзенае набажэнства дапамагае ў гэты час сканцэнтравацца на Хрысце і Яго збаўчай Муцы. Таксама яно дае магчымасць суцішыцца, духоўна настроіцца на падзеі, апісаныя евангелістамі, зачарпнуць з таго скарбу, якім з’яўляецца Смерць, Мука і Уваскрасенне Бога-чалавека.
Кс. Юрый Марціновіч