6 сакавіка ў Гродне прэзентавалі пасля рэстаўрацыі дакументы з архіву брыгіцкага касцёла XVI-XX стагоддзяў. Магчымасць аднавіць архівы з’явілася дзякуючы супрацоўніцтву Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея і музея Падляшша ў Беластоку.
Дакументы з архіву гродзенскага брыгіцкага касцёла трапілі ў музей больш за 50 гадоў таму. Да гэтага яны захоўваліся ў вельмі дрэнных умовах. Лісты паперы былі моцна пашкоджаны, літаральна рассыпаліся ў руках, з цвіллю. Працаваць з арівам у такім стане было немагчыма.
“Пра тое, што ў нас захоўваюцца такія дакументы, стала вядома калегам з Польшчы. Яны атрымалі грант і на працягу двух гадоў праводзілі рэстаўрацыйную працу”, – распавёў дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка.
У ходзе рэстаўрацыі дакументы прайшлі праз працэдуру абеззаражвання, іх прамачылі спецыяльным саставам, важныя фрагменты страчанай паперы былі адноўлены. Сучасныя метады рэстаўрацыі дазваляюць гэта зрабіць. Пакуль адноўлена толькі невялікая частка архіву – каля 300 лістоў.
“У асноўным там змяшчаюцца кляштарныя статуты, казанні, малітвы і мноства гаспадарчых дакументаў – дамовы, вопісы, ацэнка маёмасці. Калі як належыць заняцца, то можна ўявіць, як жылі людзі ў тыя часы”, – адзначыў Юрый Кітурка.
Як і ўсе дакументы, якія паступаюць у музей, яны пройдуць навуковую інвентарызацыю, будзе складзена спецыяльная картка, сабрана інфармацыя аб тым, што там напісана. У далейшым яны, як упэўнены ў музеі, стануць аб’ектам пільнага даследвання з боку навукоўцаў. Таксама частка архіву ўвойдзе ў вялікую выстаўку пад назвай “Сакральная спадчына Панямоння”, якую плануюць адкрыць у лістападзе 2018 г.
Паводле Белта