25 лютага вернікі парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе (Мастоўскі дэканат) дзякавалі Богу за дар сваёй святыні. Сёлета адзначаецца 245-я гадавіна кансэкрацыі гэтага касцёла.
Кансэкрацыю здзейсніў 10 сакавіка 1773 г. біскуп Юзаф Касакоўскі.
Падчас святой Імшы, якая цэлебравалася на заканчэнне велікапосных парафіяльных рэкалекцый, пробашч кс. Віктар Мыслюк адзначыў, што гістарычная святыня з’яўляецца гонарам парафіі, а таксама Гродзенскай дыяцэзіі. Таму святар заклікаў да падзякі ў гэты дзень усім тым, хто паспрыяў паўстанню святыні і працягвае клапаціцца, каб гэты гістарычны сакральны аб’ект быў візітнай карткай Касцёла на Гродзеншчыне.
Касцёл у Воўпе мае статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння. Ён быў узведзены ў 1773 г. на сродкі тагачаснага пробашча кс. Юзафа Казіміра Касакоўскага, які служыў у Воўпе ў 1761 – 1775 гг., таксама зафундаваў новую плябанію і новыя будынкі парафіяльнага шпіталя.
Касцёл з’яўляецца самай велічнай драўлянай рыма-каталіцкай святыняй Беларусі. Гэта дзвюхвежавы, крыжападобны ў плане, безапсідны, арыентаваны алтаром на поўнач будынак, прэзбітэрый якога аддзелены ад сакрыстый унутранай перагародкай.
У касцёле знаходзіцца славуты старажытны галоўны алтар, які ў апошні час быў грунтоўна адноўлены. Ён выкананы ў стылі ранняга барока невядомымі майстрамі ў 1634-1639 гг. (або каля 1640-1644 гг.) з фундацыі Казіміра Сапегі.
Кс. Юрый Марціновіч