Skip to main content

Прайшоў таварыскі матч паміж камандай святароў Гродзенскай дыяцэзіі і гульцамі ФК "Слонім-2017"

fkslonim swiatary 419 лютага ў Слоніме адбылася таварыская гульня ў міні-футбол паміж зборнай каталіцкіх святароў Гродзеншчыны і камандай ветэранаў, трэнераў і дзейных гульцоў ФК "Слонім-2017".

Сярод удзельнікаў матчу з боку каманды гасцей былі ксяндзы з Гродна, Каробчыцаў, Геранёнаў і іншых мясцін Гродзенскага рэгіёну. Капітан каманды кс. Павел Салабуда, брамнік кс. Артур Малафей, кс. Ян Рушніцкі, кс. Ян Раманоўскі, кс. Андрэй Лішко, кс. Эдвард Сянкевіч, кс. Аляксандр Фядотаў, кс. Дзмітрый Несцер, кс. Андрэй Кеўлюк, кс. Анджэй Ганчар, а. Юрый Находка і трэнер Андрэй Багдзевіч (МФК Лідсельмаш). 

За Слонім гуляў галоўны трэнер "Слоніма-2017" Алег Кароль, які пайграў за шматлікія замежныя клубы і барысаўскі "БАТЭ"; Аляксандр Дзегцяроў, які ў свой час пагуляў у маскоўскім "Лакаматыве" і "Тарпеда"; трэнер каманды Аляксандр Кадаўбік; былы галоўны трэнер каманды Аляксей Шубянок і іншыя.

У сяброўскай, але ўпартай барацьбе сустрэча завяршылася з лікам 9:8 на карысць слонімцаў. Са зборнай святароў галы забілі: 3 - а. Юрый Находка, 2 - кс. Анджэй Ганчар, па 1 мячы - кс. Эдвард Сянкевіч, кс. Аляксандр Фядотаў, кс. Дзмітрый Несцер. 

fkslonim swiatary 7

Ад каманды гасцей сустрэчу пракаментаваў кс. Павел Салабуда, пробашч гродзенскай парафіі Святога Духа:

- Як каманда мы існуем 10 гадоў. Першапачатковай мэтай быў удзел у чэмпіянаце Еўропы сярод святароў. Але акрамя чэмпіянатаў, мы праводзім таварыскія гульні. Тут мы хочам паказаць, што святары — гэта таксама людзі, якія цікавяцца чымсьці, займаюцца спортам.

- Якія Вашы любімыя гульцы ў прафесійны футбол?

- Нічога новага не скажу наконт гульцоў: гэта Мэсі, Раналда, за гульнёй якіх цікава глядзець. Сярод беларускіх гульцоў вылучу гродзенца Паўла Савіцкага.

Ад слонімцаў гульню пракаментаваў галоўны трэнер ФК "Слонім" Алег Кароль.

- Мне было вельмі цікава паглядзець, як гуляюць людзі, якія далучаюць людзей да Бога.       

- За Вашу доўгую кар`еру былі выпадкі, калі нехта з Вашых партнёраў па камандах станавіўся святаром?

- Не, такога не было, але былі выпадкі, калі гулялі моцна веруючыя футбалісты ў тых камандах, дзе граў я. Асабліва гэта тычыцца грэкаў і сербаў.

Паводле "Газета Слонімская" 

Фота: Яўген Малафей