14 лютага, у Папяльцовую сераду, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў маладую гродзенскую парафію Святога Духа. Іерарх прыбыў у новую супольнасць, кіруючыся словамі Папы Францішка, з якімі Пантыфік звярнуўся да біскупаў падчас візіту ad limina Apostolorum: "Будзьце як мага бліжэй да сваіх вернікаў". Іерарх узначаліў вячэрнюю св. Імшу, падчас якой перадаў мясцовым парафіянам благаслаўленне ад Святога Айца.
Падчас Эўхарыстыі біскуп Юзаф заклікаў вернікаў да пакаяння і супольнай малітвы, а ў гаміліі наблізіў сабраным сэнс перыяду Вялікага посту. Звяртаючыся да сем'яў, ён адзначыў, што "вельмі важнай з'яўляецца прысутнасць у сэрцах Хрыста, які прыняў смерць за нашыя грахі". "Усё пачынаецца з сэрца, таму няхай там заўсёды жыве Госпад", - дадаў іерарх.
Падчас Імшы адбыўся абрад пасыпання попелам галоваў сабраных вернікаў. З-за недахопу месца ў капліцы, некаторыя маладыя сужэнствы разам з дзецьмі на працягу літургіі стаялі на марозе звонку святыні. Біскуп Юзаф, здзяйсняючы рытуал, быў уражаны велічынёй пабожнасці гэтых парафіянаў і адзначыў, што "пакуль нашыя сем'і будуць мець такую моцную веру, жывы Бог будзе прысутны сярод беларускага народу".
Кс. Павел Салабуда