Skip to main content

Гурт “OPEN” прыняў удзел у фестывалі духоўнай музыкі ў Баранавічах

 

open ddn 18 1Кожны год фестываль “Дастукацца да нябёсаў” збірае вялікую колькасць хрысціянскай моладзі. Гэты год не быў выключэннем. VII фестываль духоўнай музыкі сёлета прайшоў 10 лютага ў Баранавічах.

Арганізатар кс. Павел Рудзьман у сваім прывітанні падкрэсліў, што галоўная мэта фестывалю – сабраць у адным месцы моладзь, якая хоча ісці за Хрыстом і праслаўляць Яго. Фестываль наведаў таксама біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

open ddn 18 3

У межах фестывалю выступілі гурты з розных куткоў Беларусі: “Рыбы”, “Подых Духа”, “The Crossway”, “NG Youth”. Таксама ў ліку ўдзельнікаў быў гурт Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN” з Гродзенскай дыяцэзіі, які і адкрыў музычную праграму.

Удзельнікі гурта падзяліліся сваімі ўражаннямі і пачуццямі:

“Я з’яўляюся ўдзельнiкам фестывалю ўжо другi раз. Магу сказаць адно: гэта вельмi класна i файна, што ёсць такая магчымасць спаткацца з музычнымi гуртамi з усёй Беларусi, паразмаўляць, падзялiцца сваiм вопытам, цiкавымi аранжыроўкамi. Гэта таксама магчымасць убачыць, як Бог прaмаўляе да нас i як праз гэтую музыку мы можам Яго праслаўляць. ДДН з кожным годам павялiчвае шэрагi гуртоў i гледачоў, i гэта не можа не радаваць. Мне прыемна быць часткай музычнай сям'i, якой мы з’яўляемся”, – адзначыла Алена Антаневiч, удзельніца гурта “OPEN”.

open ddn 18 4

“Складана апісаць усё, што дзеецца цяпер у душы. Я вельмі шчаслівая. Велізарная колькасць маладых людзей сабралася ў адным месцы, каб праслаўляць Бога. Яны не баялiся вызнаваць веру. Гэта быў не проста канцэрт, дзе людзі сабраліся для тусоўкі. Увесь фестываль быў малітвай, даўжынёю ў 3,5 гадзіны.

У гэтым годзе людзей было сапраўды больш, чым звычайна. І гэта крута! Музыка – выдатная прылада для евангелізацыі. Ад вялiкай колькасцi маладых людзей я пачула: «У канцэртнай зале мы адчувалі поўны супакой, дух малітвы, еднасцi і моцную прысутнасць Бога». Спадзяюся, што гэтыя пачуццi надоўга застануцца з усімі намі", – падзялілася ўдзельніца гурта Анастасія Цыбульская.

open ddn 18 5

“Гэта быў неверагодны фестываль. Я вельмі шчаслівая, што Пан даў нам, гурту “OPEN”,  такую магчымасць падзяліцца сваімі перажываннямі і любоўю да Яго з іншымі людзьмі. Хачу падзякаваць моладзі, якая прысутнічала на фестывалі, за яе адданасць і адкрытыя сэрцы. Асабліва дзякую арганізатару фестывалю кс. Паўлу Рудзьману за цёплы прыём, за тое, што запрашае хрысціянскую моладзь дзяліцца сваімі сведчаннямі і любоўю да Пана”, –  распавяла Сабіна Дзякун, удзельніца гурта.

Эмоцыi, праслаўленне, уражаннi i пачуццё адзiнства, напэўна, застануцца ў сэрцах удзельнікаў фестывалю яшчэ надоўга.

Вікторыя Бурч

Фота Анастасіі Цыбульскай