4-10 лютага ў Гродне адбыўся XVII Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў “Каложскі Дабравест”. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства з’яўляюцца Гродзенская праваслаўная епархія і Гродзенскі аблвыканкам.
Удзел у свяце прынялі 35 калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Узбекістана, Польшчы, Румыніі, Чарнагорыі і Македоніі. Госці давалі канцэрты і ўдзельнічалі ў конкурсных праслухоўваннях у святынях і на галоўных сцэнічных пляцоўках горада.
10 лютага ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры адбыўся ўрачысты гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. На гала-канцэрце прысутнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і кс. канонік Раман Рачко, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Гран-пры фестываля атрымаў хор Днепрапятроўскай акадэміі музыкі імя М. Глінкі з Украіны.
Хор студэнтаў Днепрапятроўскай акадэміі музыкі – адзін з вядучых вучэбных калектываў Украіны. У яго рэпертуары лепшыя ўзоры сусветнай харавой класікі, духоўная музыка, апрацоўкі народных песень, харавыя творы сучасных кампазітараў.
Фестываль запомніўся не толькі музычнай праграмай: прайшлі таксама вечары паэзіі і духоўнай музыкі, кінапаказ і іншыя мерапрыемствы.
Першы фестываль “Каложскі Дабравест” адбыўся ў 2002 г. і быў прымеркаваны да 10-годдзя адраджэння Гродзенскай епархіі. У 2011 г. Міністэрства культуры Беларусі надало фестывалю статус міжнароднага.
Кс. Юрый Марціновіч