8 лютага завяршыўся візіт аd limina Apostolorum біскупаў Беларусі ў Ватыкан, які, безумоўна, паўплывае на далейшае жыццё Касцёла ў Беларусі. Са свайго боку супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на працягу ўсяго часу пілігрымкі іерархаў у Вечны горад духоўна падтрымлівала іх і з нецярплівасцю чакала вяртання дадому.
На наступны дзень пасля прыезду дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі сустрэўся падчас супольнай Эўхарыстыі з семінарыйнай сям’ёй, каб падзякаваць Богу за паспяховае завяршэнне візіту і падзяліцца незабыўнымі ўражаннямі ад сустрэчы з Папам Рымскім Францішкам і кіраўнікамі ватыканскіх дыкастэрый.
Пасля святой Імшы біскуп разам з дыяканамі наведаў пакоі семінарыстаў, каб пакрапіць іх асвячонай вадой і памаліцца разам з іх жыхарамі. Іерарх удзяліў навучэнцам семінарыі пастырскае благаслаўленне.
Семінарыйная супольнасць ад усяго сэрца ўдзячная іерарху за яго блізкасць, клопат і любоў да тых, хто імкнецца прысвяціць сваё жыццё Богу і людзям.
Яўген Амасёнак, семінарыст