Skip to main content

Сустрэча з членамі апостальскага руху “Маргарытка” прайшла ў Гродне

 

margarytka aplatak 4620 студзеня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася навагодняя сустрэча з членамі малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”. Члены гэтай групы кожны дзень моляцца ў інтэнцыі святароў, ахвяруюць за іх свае штодзённыя цярпенні і нясуць ахвяры.

Урачыстую святую Імшу ў семінарыйнай капліцы з удзелам шматлікіх прадстаўнікоў апостальства з тэрыторыі ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічаў таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Мадэратар малітоўнай групы ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Валерый Быкоўскі на пачатку Імшы адзначыў, што Касцёл на Гродзеншчыне можа цешыцца шматлікімі руплівымі людзьмі, якія дабравольна абавязуюцца рэгулярна маліцца за святароў і іх штодзённае служэнне.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі заўважыў: “Бог жадае, каб людзі кожны дзень адкрывалі Яго ў іншым чалавеку, у бліжніх, якіх мы слушна называем братамі і сёстрамі, бо ўсе мы з’яўляемся дзецьмі аднаго Бога”.

margarytka aplatak 24

“Езус прыйшоў, каб аб’явіць Божую любоў кожнаму чалавеку, каб у кожным з нас абудзіць радаснае ўсведамленне таго, што ён Божае дзіця, і каб кожнае ўбранае Божае дзіця прывесці да вечнага збаўлення”, – дадаў іерарх.

Біскуп параўнаў Хрыстовы Касцёл да вялікай сям’і, у якой кожны мае сваё месца і спаўняе давераныя яму заданні. Іерарх адзначыў, што ў добрых сем’ях усе члены дапамагаюць адзін аднаму, падтрымліваюць адзін аднаго, выражаюць любоў, спачуванне і разуменне. Падобна, па словах біскупа, і ў Касцёле.

“Калі святары, кансэкраваныя асобы і свецкія людзі не толькі верна рэалізуюць кожны сваё пакліканне, але і калі дапамагаюць адзін аднаму, падтрымліваюць адзін аднаго малітвай, аказваюць дабрыню адзін аднаму – тады Касцёл Божы ўмацоўваецца і становіцца ўсё больш праўдзівым сведкам Хрыстовага Евангелля”, – патлумачыў гродзенскі ардынарый.

Ад свайго імя і імя ўсіх святароў Гродзенскай дыяцэзіі біскуп выказаў словы глыбокай і шчырай удзячнасці ўсім, хто належыць да апостальскага руху “Маргарытка”. Іерарх дзякаваў за малітву, духоўныя і матэрыяльныя ахвяры, якімі члены руху падтрымліваюць святароў у іх служэнні Касцёлу, дадаўшы, што кожны з пакліканых да Хрыстовага святарства з’яўляецца звычайным, слабым чалавекам, поўным чалавечых немачаў, абмежаванняў і недасканаласцяў.

margarytka aplatak 17

“Часта мы з пакорай адчуваем, што заданні, якія ставіць перад намі Бог, перавышаюць нашы сілы і магчымасці. Часта бачым, якое наша служэнне недасканалае, наколькі мы не дарастаем да такой паставы служэння і самапрысвячэння, узор якой пакінуў нам Езус Хрыстус”, – сказаў іерарх.

Біскуп падкрэсліў, што дзякуючы падтрымцы вернікаў кожны святар адчувае сябе мацнейшым, больш устойлівым духоўна і больш упэўненым ва ўсім, што робіць.

Сустрэча завяршылася дзяленнем аплаткай і святочнымі віншаваннямі, калі кожны мог індывідуальна выказаць пажаданні свайму біскупу, мадэратару руху кс. Валерыю Быкоўскаму, які так актыўна займаецца пашырэннем гэтай справы ў дыяцэзіі, прысутным святарам і адзін аднаму.

Малітоўная група “Маргарытка” паўстала ў Гродзенскай дыяцэзіі некалькі гадоў таму па ініцыятыве кс. Валерыя Быкоўскага і саміх свецкіх вернікаў.

Сутнасць апостальскага руху “Маргарытка” – штодзённая малітва за канкрэтных святароў. Членамі гэтага апостальскага руху становяцца людзі, якія жадаюць аберагаць сваіх пастыраў самай паспяховай зброяй, якой з’яўляецца малітва, і ўмацоўваць сваю асабістую сувязь з Хрыстом праз пасрэдніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.

У мінулым годзе было заснавана 406 новых “Маргарытак”. Новыя малітоўныя групы ўзніклі ў Забалаці, Рэплі, Свіслачы, Шылавічах, Воўпе і Гожы.

У цэлым у Гродзенскай дыяцэзіі афіцыйна зарэгістравана 1162 “Маргарыткі”, члены якіх моляцца ў інтэнцыі абранага святара.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Андрэя Юхніка