Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, які мае ўжо больш чым стогадовую традыцыю, стаў цыклічным святам экуменізму. Штогод паміж 18 і 25 студзеня, ці паміж даўнім святам катэдры св. Пятра і святам навяртання св. Паўла, хрысціяне розных канфесій сустракаюцца ва ўсім свеце на экуменічных набажэнствах, малітвах, канферэнцыях, канцэртах і іншых мерапрыемствах.
“Правіца Твая праслаўлена моцаю” – пад такім дэвізам будзе праходзіць Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян у гэтым годзе. Сёлетнія матэрыялы на гэты час падрыхтавалі хрысціяне з Карыбскіх астравоў.
Усе вернікі запрошаны ў гэты час з’яднацца на малітве, каб супольна прасіць Пана Езуса аб вяртанні поўнай еднасці сярод Яго вучняў. Гэта згодная просьба, якая ўзносіцца ў еднасці душы і сэрца, адказваючы на просьбу самога Адкупіцеля, які падчас Апошняй Вячэры звярнуўся да Айца гэтымі словамі: “Не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне” (Ян 17, 20-21).
Просячы аб ласцы еднасці, далучымся да малітвы Езуса і ўключымся ў дзеянні, каб усё чалавецтва прыняло Яго і пазнала як адзінага Пастыра і адзінага Пана, каб такім чынам спазнала радасць Яго любові.
Прымем заклік да “нястомнай малітвы”, які святы Павел скіроўвае да першых хрысціян з Тэсалонікі, супольнасці, якую ён сам заснаваў. Менавіта таму, што даведаўся, што там узніклі падзелы, ён заклікае іх, каб былі цярплівыя да ўсіх, каб не плацілі злом за зло, шукалі заўсёды сярод сябе дабра, каб былі радасныя ва ўсіх абставінах – радасныя, бо Пан блізка.
Парады, якія св. Павел дае тэсаланікійцам, могуць натхняць і сёння паводзіны хрысціян у прасторы экуменічных адносін. Ён кажа найперш: „Між сабой захоўвайце мір” і “заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце” (1Тэс 5, 13. 17-18). Таксама мы прымаем гэты гарачы напамін апостала таксама каб падзякаваць Пану за поспехі, якія здзейсніліся ў экуменічным руху, і для просьбы аб поўнай еднасці.
Дзева Марыя, Маці Касцёла, няхай выпрасіць для ўсіх вучняў свайго боскага Сына ласку як мага больш хуткага жыцця ў міры і ва ўзаемнай любові, каб перад усім светам зрабіць пераканаўчым сведчанне паяднання, каб наблізіць аблічча Бога ў абліччы Хрыста, які ёсць Богам з намі, Богам міру і любові.
Кс. Юрый Марціновіч