Skip to main content

Біскуп Станеўскі ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана наведаў лідскую парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

lida industryjalny 9Наведванне дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Індустрыяльны) ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана стала ўжо традыцыяй. Іерарх завітаў у парафію і сёлета.

Біскуп узначаліў вячэрнюю святую Імшу, на якой сабралася вялікая колькасць вернікаў. У гаміліі іерарх звярнуў увагу, што зместам урачыстасці Трох Каралёў з’яўляецца аб’яўленне таямніцы збаўлення ў Езусе Хрысце.

Па словах біскупа, Божае Нараджэнне больш канцэнтруецца на прыніжэнні Сына Божага да чалавечай натуры, падкрэсліваючы зямное нараджэнне Божага Слова. Урачыстасць жа Аб’яўлення Пана скіроўвае наш позірк на Божую веліч Нованароджанага.

Асобая ўвага ў гаміліі была ўдзелена постаці Маці Божай. Як адзначыў біскуп, у кожнай жыццёвай сітуацыі Яна імкнулася распазнаць і выканаць Божую волю. Такая пазіцыя была для Яе крыніцаю новай сілы. Для нас, па словах іерарха, гэта важны напамін пра тое, што паслухмянасць Богу і Яго волі гарантуе шчасце ў сям’і і грамадстве — магчыма, асабліва сёння.

Як Тры Каралі прынеслі нованароджанаму Збаўцу свае дары, так і біскуп Юзаф Станеўскі прыбыў у лідскую парафію не з пустымі рукамі: дарослыя ўзбагаціліся Божым словам і атрымалі душэўнае задавальненне ад сустрэчы, а дзеці цешыліся салодкімі падарункамі, якія атрымалі ад іерарха.

Марына Габiс

Фота Маргарыты Снапко