“Людзям трэба даваць штосьці прыгожае. З думкай аб гэтым мы стварылі наш праект і маем надзею, што гэта неаднаразовая акцыя. Тут прыгожыя людзі, тут мы маем свае зносіны, знаёмых і маем надзею, што яшчэ вернемся ў Гродна”, – сказаў у размове з grodnensis.by Ян Паспяшальскі.
Ініцыятар і заснаваўца сямейнай музычнай супольнасці прызнаецца, што сваімі канцэртамі працягвае сямейнае святкаванне Божага Нараджэння, якое пачынаецца сумеснай вігіліяй у Чэнстахове ў аднаго з братоў – Матэуша, які мае вялікі дом і вялікі стол.
“Там мы сустракаемся ў дваццаць пар, разам з дзецьмі. Там адбываецца вігілія, дзяленне аплаткай, чытанне Евангелля, падарункі, традыцыйныя стравы і супольнае спяванне калядак. У першы дзень святаў мы прабываем разам, наведваем таксама сваіх знаёмых і сваякоў”, – кажа Ян Паспяшальскі.
Польскі музыка, аранжыроўшчык, кампазітар, журналіст, публіцыст, аўтар радыё- і тэлепраграм адзначае, што ўжо на працягу многіх гадоў у другі дзень Божага Нараджэння яны адпраўляюцца ў дарогу. Сёлета першы канцэрт яны правялі ў Парыжы, затым быў Лондан, потым наведалі Брусель, а на Новы год спявалі ў Гановеры ў Германіі.
“Мы пастаянна разам. Ездзім у вялікім аўтобусе, практычна ўся сям’я. Наведваем усе гэтыя месцы, каб натхняць людзей і заахвоціць памятаць традыцыю. Ездзім, каб даць імпульс – з любоўю, радасцю”, – распавядае Ян Паспяшальскі.
Гэты сямейны спеў музыка называе “місіяй”, праз якую яны жадаюць дасягнуць сэрцаў людзей. “Для нас гэта не звычайны канцэрт або якаясьці імпрэза, ці звычайнае выступленне, ці ўзнаўленне сцэнарыя. Гэта штосьці большае – гэта наша місія!” – тлумачыць Паспяшальскі.
“Маю надзею, што нам удалося гэта паказаць падчас сёлетняга канцэрту ў Гродне. Гэта для нас вялікая радасць”, – дадае ён.
З вялікім гонарам музыка гаворыць пра сваю сям’ю, што ўсе яе члены з’яўляюцца практыкуючымі хрысціянамі-католікамі, удзельнічаюць у сакрамэнтальным жыцці Касцёла і для іх вельмі важныя хрысціянскія каштоўнасці і традыцыі, вынесеныя з сямейнага дому.
“Дзякуем, што можам быць разам з вамі, бачыць ваш шчыры прыём, і гэта самае цудоўнае, што толькі можа здарыцца”, – дзякуе Паспяшальскі за ўсё дабро і сардэчнае прыняцце ў Гродне.
Канцэрт сям’і Паспяшальскіх у Гродне адбыўся 12 студзеня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля. Затым музыкі вырушылі ў далейшы тур – у сталіцу Беларусі, адкуль накіруюцца ў Латвію, Літву, а пасля правядуць яшчэ некалькі канцэртаў у сябе на радзіме.
Кс. Юрый Марціновіч