2-5 студзеня ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для дзяўчат. Духоўныя практыкаванні, у якіх прынялі ўдзел 14 чалавек з горада над Нёманам, былі арганізаваны Кангрэгацыяй Сясцёр Служак Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай.
Манахіні таксама пазнаёмілі дзяўчат з харызматам сваёй супольнасці і распавялі, якія заданні спаўняюць сёстры ў Касцёле.
З канферэнцыямі выступаў a. Павел Раманчук OFM Conv, які прапанаваў удзельніцам сумесна адказаць на пытанні: “Кім я з’яўляюся ў вачах Бога?”, “Кім з’яўляецца для мяне Пан Бог?”, “Хто з’яўляецца для мяне бліжнім?”
У дзяўчат быў час праявіць свае мастацкія здольнасці праз малюнкі, а таксама выраб ружанцаў. Акрамя таго, яны наведалі касцёл Маці Божай Анёльскай і пазнаёміліся з яго багатай гісторыяй.
Важным элементам рэкалекцый было разважанне над Божым словам. Засяроджваючыся на асобных фрагментах Святога Пісання, сабраныя імкнуліся адкрыць глыбіню Божага слова і ўводзіць яго ў сваё штодзённае жыццё.
Як адзначаюць самі ўдзельніцы, сустрэчы спадарожнічала атмасфера радасці, адкрытасці і ўзаемнай дабрыні.
Кс. Юрый Марціновіч