Skip to main content

Сёстры назарэтанкі ў Гродне адзначылі сваё патранальнае свята

patranalnaje swiata 14

Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа — патранальнае свята Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. 31 снежня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне, дзе сёстры назарэтанкі служаць шмат гадоў, прайшлі галоўныя святкаванні.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас Эўхарыстыі іерарх асабліва маліўся ў інтэнцыі ўсёй супольнасці, каб праз сваё штодзённае служэнне кожная манахіня набліжалася да Бога і паказвала іншым людзям шлях да Яго.

Біскуп заклікаў таксама да асаблівай малітвы ў інтэнцыі ўсіх сем’яў дыяцэзіі, каб яны былі адкрытыя на дар новага жыцця і запрашалі Пана Бога ў свае супольнасці.

Падчас Імшы сёстры назарэтанкі аднавілі манаскія абяцанні, каб далей з маладым запалам рэалізаваць свой харызмат, асабліва служыць кожны дзень сем’ям і быць для іх Божым святлом.

“Прашу Цябе, о Божа мой, праз заслугі Пана нашага Езуса Хрыста і дзякуючы Найсвяцейшай Дзеве Марыі і Яе благаслаўлёнаму Абранніку св. Юзафу, каб быў ласкавы прыняць гэтую маю пакорную і поўную ахвяру і даў мне ласку вернасці і трывання ў гэтай Кангрэгацыі ажно да смерці”, – адзначалася падчас аднаўлення манаскіх абяцанняў.

Карыстаючыся нагодай, гродзенскі ардынарый падзякаваў усім сёстрам назарэтанкам за адданае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі. Іерарх дзякаваў ім за штодзённую працу і самапрысвячэнне, з якім яны рэалізуюць сваё пакліканне.

patranalnaje swiata 24

Радаснае святкаванне завяршылася супольным абедам і спевам калядак у доме сясцёр назарэтанак.

Кс. Юрый Марціновіч